Пра змаганне з беларускай кнігай 



Калі на гэтым тыдні фінансавая міліцыя затрымала кнігавыдаўца Генадзя Вінярскага, які займаецца выданнем кніг з серыі «Беларускі Кнігазбор», гэта магло падасца выпадковасцю. Але пазней, калі праз два дні, на допыт пацягнулі яшчэ распаўсюдніка кніг Алеся Яўдаху і ўласніка паспяховага бізнес-праекту выдавецтва «Янушкевіч» Андрэя Янушкевіча, стала бачна, што ўлады ўзяліся за людзей, якія займаюцца выданнем беларускамоўных кніг. Такі падыход паказвае, што рэакцыянеры, аналізуючы прычыны масавых пратэстаў 2020 года, знайшлі тлумачэнне незвычайнай актыўнасці беларусаў. Паколькі раней зачыстка датычылася тэатраў, музеяў, то справай часу была ўвага сілавікоў да кнігавыдавецкай галіны. І гэта пры тым, што пералічаныя асобы робяць надзвычай важную справу, распаўсюджваючы ў дазвання русіфікаваным грамадстве беларускае слова. Больш за тое, прыклад выдавецтва Андрэя Янушкевіча паказвае, што нават у вельмі неспрыяльных умовах, аказваецца, можна выдаваць кнігі, па якія выстройваюцца даўжэзныя чэргі. Без дзяржаўнай падтрымкі і ў таксічным асяроддзі гэтыя людзі, па сутнасці, займаліся тым, чым павінна займацца Міністэрства культуры. Аднак замест узнагароды ці ільготных умоваў для вядзення бізнесу, нашыя кнігавыдаўцы трапілі пад каток рэпрэсіўнай машыны.

Калі на пераломе ХІХ і ХХ стагоддзя расейская паліцыя пераследвала выдаўцоў кніг, якія друкавалі творы на мовах нацыянальных меншасцяў, гэта было, прынамсі, зразумела. У шматэтнічнай Расейскай імперыі «іншародцы», калі хацелі зрабіць кар’еру, павінны былі цалкам забыць пра свае нацыянальныя асаблівасці і адкінуць на перыферыю свядомасці такія перажыткі, як родная мова. З пункту гледжання ідэолагаў імперыі значэнню рускай мовы надавалася не менш важная за бюракратыю альбо армію роля. Калі на афіцыйным узроўні адмаўлялася грамадзянам імперыі права быць беларусамі, украінцамі альбо палякамі, то пра якую легальную літаратуру на родных мовах паняволеных народаў магла ісці гаворка? І дзяржаўная машына Расейскай імперыі дзейнічала ў зразумелым рэчышчы, каб не дапусціць нават думкі пра імавернасць палітычнай аўтаноміі нацыянальных ускраінаў. Аднак і праз сто гадоў пасля знікнення той дзяржавы, калі беларусы, здаецца, займелі свой уласны нацыянальны дом, працягваецца пераслед людзей, якія ўздымаюць беларускую культуру на высокі ўзровень. У гэтым – трагедыя дзяржавы, якая намінальна дэкларуючы сябе домам для беларусаў, насамрэч ненавідзіць усе праявы нацыянальнага. Вар’яцкае змаганне з бел-чырвона-белымі сцягамі і іншымі сімваламі, зачыстка поля культуры – прыкмета глыбокай хваробы нашага грамадства. Энергія народа, якая магла бы пайсці на развіццё краіны, марнуецца на супрацьстаянне. Прычым афіцыйныя эліты, выглядае на тое, не надта пераймаюцца тым, што адкідаюць народ у развіцці на дзесяцігоддзі, наносячы балючыя ўдары па самаму жывому, што толькі ёсць у Беларусі.

Цяперашняя РБ, калі аналізаваць яе культурную палітыку і стаўленне да інтэлектуальных здабыткаў нацыі, не мае шанцаў на тое, каб стаць утульным домам для беларусаў, якія прагнуць вызвалення. Мы апынуліся ў сітуацыі, калі сучаснай і адукаванай нацыяй кіруюць беспрынцыпныя каланізатары, якія могуць заставацца ва ўладзе толькі пры атамізаванай масе людзей без выразнай сістэмы каштоўнасцей і з размытай ідэнтычнасцю. 

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ