Права на смецце



На гэтай сямідзёнцы ў Беларусі прайшоў суд, пасля якога жыццё ў нашай краіне не будзе ранейшым. Суд Чыгуначнага раёна Гомеля абавязаў аднаго мужчыну пенсійнага ўзросту заключыць прымусовую дамову з камунальным прадпрыемствам „Спецкамунтранс”, а таксама кампенсаваць гэтай структуры судовыя выдаткі ў памеры 74 рублёў. Сутнасць дамовы заключаецца ў тым, што грамадзянін, які з’яўляецца ўласнікам прыватнага дома, вымушаны штомесяцова выплачваць даніну прадпрыемству за вываз смецця. Прычым памер гэтай даніны не залежыць ад таго, колькі насамрэч смецця вырабляе чалавек і ў якіх аб’ёмах. Тарыфы выстаўляе манапаліст, паводле толькі яму вядомых крытэраў. Захацелі павялічыць цану на паслугу ў некалькі разоў – калі ласка. Гэта можна рабіць у аднабаковым парадку і колькі заўгодна, бо альтэрнатывы „Спецкамунтрансу” няма.

І дарма гамяльчук спрабаваў суддзі давесці, што ён, як уласнік прыватнага дома, практычна не вырабляе смецця. Штосьці ідзе на корм жывёлам, нешта – у кампост, рэшта спальваецца ў грубцы ці адносіцца на пункты прыёму. І нават артыкулы грамадзянін знайшоў адпаведныя ў Грамадзянскім Кодэксе, якія гарантуюць чалавеку вольна распараджацца сваёй маёмасцю і рэсурсамі на ўласным падворку, калі гэта, вядома, не супярэчыць закону і не перашкаджае іншым людзям. Але Феміда засталася сляпой і глухой. Якія законы, калі камунальнікам патрэбныя грошы! І яшчэ, рашэнне суда наконт вывазу смецця азначае, што ў беларусаў няма права нават на ўласныя адходы. Гэта не грамадзянам рашаць, што рабіць са смеццем, а дзяржаве. А калі будзе хтосьці ўхіляцца, пакараюць рублём. Калі развіваць логіку судовага рашэння, атрымліваецца, што беларусы не толькі не маюць права на смецце, але і абавязаныя яго вырабляць і ў акрэсленых аб’ёмах. Ну, каб „Спецкамунтрансу” работы хапала ўвесь час.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ