Прычыны і наступствы нафтавага шантажу Масквы



У першыя дні новага 2020 года Крэмль зрабіў Беларусі калядны падарунак у выглядзе спынення паставак нафты на беларускія НПЗ. Паводле паведамленняў канцэрна “Белнафтахім”, пакуль што перапрацоўчыя заводы працуюць у штатным рэжыме, карыстаючыся назапашанымі ў снежні 2019 года аб’ёмамі сыравіны. Гэтых запасаў можа хапіць максімум на 2 тыдні. Але зразумела, што калі сітуацыя будзе развівацца ў негатыўным рэчышчы, непазбежна паўстануць цяжкасці ў беларускай нафтаперапрацоўчай галіне, што пацягне за сабой цэлы веер праблемаў у гаспадарцы: ад недаатрымання прыбыткаў прадпрыемствамі, да падзення заробкаў і абвалу курса нацыянальнай валюты. На першы погляд, у Беларусі дастаткова мала магчымасцей для адказу на відавочна несяброўскія дзеянні так званых партнёраў па Саюзнай дзяржаве. Асабліва калі ўлічыць, што прыбыткі ад нафтаперапрацоўкі і экспарту прадуктаў “чорнага золата” складаюць да чвэрці ВУП. Але паніка – не лепшы дарадца. Беларусь як транзітная краіна мае дастаткова шмат рычагоў на тое, каб паменшыць апетыты суседзяў. І выглядае на тое, што кіраўніцтва беларускай дзяржавы гэта разумее. Таму ў адказ на дзеянні суседзяў, калі не атрымаецца дамовіцца ў бліжэйшыя тыдні, можна прагназаваць падаражанне паслугаў па транзіту расейскай нафты праз Беларусь.

Моцны ціск Масквы на афіцыйны Менск пры ўсім жаданні цяжка патлумачыць логікай эканамічных працэсаў. Абсалютна відавочна, што Крэмль дабіваецца ад Менска рэальных крокаў па паглыбленні так званай інтэграцыі. На палітычны складнік прэсінгу ўказваюць факты шматлікіх кансультацый кіраўніцтва Беларусі са сваімі расейскімі калегамі, якія адбываліся часта ў канцы 2019-пачатку 2020 гг. Ды і сумнеўна, што рашэнне аб прыпыненні паставак нафты ў Беларусь маглі самастойна прыняць якія-небудзь гаспадарчыя суб’екты кшталту кампаній, якія займаюцца нафтаздабычай. Адсюль вынікае, што ўлады РФ абралі метад бізуна, паколькі не змаглі дабіцца ад Аляксандра Лукашэнкі падпісання шэрагу пагадненняў на іх умовах. Гэта азначае, што стаўкі ў супрацьстаянні Менска і Масквы сапраўды досыць высокія. І можна толькі здагадвацца, што канкрэтна патрабуюць улады РФ у абмен на пастаўкі нафтапрадуктаў.

Зрэшты, спыненне паставак вуглевадародаў на беларускія НПЗ не трэба разглядаць у катэгорыях апакаліпсісу. Усё залежыць ад таго, пад якім фокусам глядзець на праблему. Можна, вядома, заламваць рукі з рытуальнымі енкамі па беларускай гаспадарцы. Але ёсць таксама варыянт пачаць структурныя рэформы ў эканоміцы, стымуляваць развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі і спрыяць разняволенню дзелавой ініцыятывы беларусаў. Глядзіш, праз пару гадоў нафтавы ціск з боку РФ увогуле перастане быць заўважным фактарам. Расейскія санкцыі, як паказвае жыццё, часта становяцца тым чароўным выспяткам для постсавецкіх краін, пасля якога яны пераходзяць на рынкавыя рэйкі. Так было ў 1990-х гадах з краінамі Прыбалтыкі, якія не абмянялі сваю незалежнасць на выгадныя ўмовы па пастаўках вуглевадародаў. Такое мела месца з Грузіяй, якая пасля ўвядзення забароны на экспарт віна ў Расею, палепшыла свае пазіцыі як сусветнага лідара вырабу алкагольных напояў, заняла свае нішы на еўрапейскіх рынках.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ