Рэха ІІ Сусветнай вайны ў французскай палітыцы



Прэзідэнт Эмануэль Макрон, выказваючыся пра 100-годдзе з моманту завяршэння І Сусветнай вайны, дапусціў фразу, якую яму не могуць дараваць ані ліберальная грамадскасць, ані прадстаўнікі габрэйскай нацыянальнай меншасці. Кіраўнік Францыі назваў маршала Філіпа Петэна “вялікім салдатам”, які зрабіў у гады ІІ Сусветнай вайны “катастрафічны выбар”.

Стаўленне да персоны Філіпа Петэна ў Францыі вельмі неадназначнае. У гады І Сусветнай вайны гэты генерал узначальваў французскую армію, спрычыніўся да шэрагу перамог над Нямеччынай, у тым ліку кіраваў знакамітай бітвай за Вердэн. У міжваенны час ён карыстаўся цалкам заслужанай пашанай. Але ўсё змянілася, калі вайсковец пагадзіўся на супрацу з нацыстамі, якія трыумфальна перасоўваліся ў 1940 годзе па захопленай Францыі. Пасля заключэння дамоваў з пераможцамі ён узначаліў цывільную адміністрацыю, кіраваў калабарацыянісцкім урадам з курортнага мястэчка Вішы. Урад Петэна пазіцыянаваў сябе як нейтральны, але насамрэч быў правадніком нацыстоўскай палітыкі з усімі вынікаючымі наступствамі (антысемітызмам, ваеннымі злачынствамі і іншымі злоўжываннямі). Па вызваленні Францыі войскамі саюзнікаў маршал Петэн быў асуджаны за злачынствы да вышэйшай меры пакарання. Але, з улікам узросту (народжаны гэты вайсковец быў яшчэ ў 1856 годзе), смяротнае пакаранне замянілі на пажыццёвае зняволенне. Былы нацыянальны герой памёр у турме ў 1951 годзе ва ўзросце 95 гадоў у атмасферы поўнай знявагі.

На неасцярожную заяву Эмануэля Макрона адрэагавалі прадстаўнікі габрэйскай грамадскасці. Адзін з лідараў асацыяцыі французскіх арганізацый габрэяў Франсіс Каліфат заявіў, што шакаваны словамі прэзідэнта Макрона на адрас нацыстоўскага калабаранта. Кіраўнік Францыі быў вымушаны адказваць сваім крытыкам: “Я нічога не дарую (заўвага — Петэну), але не збіраюся нічога выдаляць з нашай гісторыі”. Эмануэль Макрон далей дадаў, што маршал быў, без усялякіх сумневаў, саўдзельнікам нацыстоўскіх злачынстваў.

Няўдалае выказванне французскага лідара ў стылі “гэта таксама наша гісторыя” парадаксальным чынам нагадвае рыторыку прадстаўнікоў беларускіх уладаў, якія кожны год на чарговую гадавіну Кастрычніцкага перавароту 1917 года заяўляюць: “Мы не лічым Сталіна-Леніна злачынцамі. Гэта наша гісторыя”. Ёсць, праўда, адрозненні ў сітуацыях згадвання нацыстоўскіх памагатых і бальшавіцкіх злачынцаў. Першыя былі асуджаныя на Нюрнбергскім трыбунале, ідэалогія гітлераўскага нацызму і арганізацый, якія яе рэалізоўвалі, былі прызнаныя злачыннымі. Адпаведна, нават неасцярожныя выказванні прагназавана выклікаюць абурэнне грамадскасці, могуць прывесці да істотнага зніжэння рэйтынга падтрымкі. А што да дзеянняў камуністычных тыранаў – іх учынкі асудзілі толькі ў некаторых посткамуністычных дзяржавах. У шэрагу постсавецкіх краін былі адкрытыя доступы да архіваў спецслужбаў і забароненая камуністычная сімволіка. Разам з тым, адсутнасць прэцэдэнта асуджэння сталінізму на міжнародным узроўні пакідае для ягоных прыхільнікаў магчымасць і надалей апраўдваць сістэму камуністычнага тэрору супраць сваіх грамадзян.

Прыгадваю, як аднойчы на адным публічным мерапрыемстве кіраўнік дзяржаўнай установы заявіў, што не лічыць НКВД злачыннай арганізацыяй, паколькі, у адрозненне ад Гестапа, над камуністычнымі спецслужбамі не было рашэння суда. У кулуарах я прама задаў гэтаму чалавеку пытанне: “Ці сапраўды вы адмаўляецеся лічыць ЧК-ГПУ-НКВД злачыннай структурай?”. На гэта атрымаў адказ: “Рэпрэсаваных у Беларусі было не мільёны, а сотні тысяч. І яшчэ, пры гэтым, трэба разбірацца, кім былі гэтыя рэпрэсаваныя і за што іх пакаралі”. Такі адказ чыноўніка гаворыць пра тое, што без суда над сталінізмам дэмакратычнай уладзе ў Беларусі не абысціся. Інакш мы будзем кожнае 7 лістапада чуць ад розных асобаў пра “Сталіна-Леніна, якія не былі злачынцамі”.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ