„Рэкруцкія праўкі”



У Беларусі з ініцыятывы Міністэрства абароны рыхтуюцца змены ў заканадаўстве, якое закранае інтарэсы прызыўнікоў. У тэрміновым парадку, без асаблівага абмеркавання з грамадскасцю і экспертнымі коламі, у Палату прадстаўнікоў былі спушчаныя праўкі ў законапраект “Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання вайсковай арганізацыі дзяржавы”. У прапанаваных ваенным ведамствам зменах асабліва выклікала рэзананс норма аб скасаванні адтэрміноўкі ад службы ў войску пры паступленні ў магістратуру альбо ўніверсітэт пасля каледжа альбо ПТВ. Пра рэакцыю грамадства на праўкі законаў можна меркаваць па дынаміцы збору подпісаў супраць новаўвядзенняў. За тры дні на платформе petitions.by пад дзвюма петыцыямі падобнага зместу былі сабраныя каля 11 тысяч подпісаў абураных грамадзянаў. Пасля адыёзнага Дэкрэта “аб дармаедах”, які ледзьве не выклікаў у краіне рэвалюцыю, гэта другая па ступені непрымальнасці з боку грамадзян заканадаўчая ініцыятыва.

Што цікава, неадназначнасць правак, якія дыскрымінуюць некалькі катэгорый грамадзян па пытанні атрымання вышэйшай адукацыі праз скасаванне адтэрміновак ад войска, выклікалі ідэйныя ваганні нават сярод дэпутацкага корпуса лаяльнай да ўлады Палаты прадстаўнікоў. Хоць прапанаваныя Мінабароны праўкі былі ўхваленыя ў першым чытанні, але трэба звярнуць увагу на тое, што 6 дэпутатаў прагаласавалі супраць, яшчэ шасцёра ўстрымаліся. Для неабазнаных у рэаліях беларускай палітыкі людзей такія лічбы выглядаюць смешнымі, але насамрэч 6 дэпутатаў-апанентаў Мінабароны ў кішэнным парламенце – гэта ледзьве не прыкмета фармавання апазіцыйнай фракцыі. Зразумела, пры наяўнасці дэмакратычна абранага парламента такі законапраект не меў бы шансаў нават на стадыі разгляду ў профільных камітэтах. Дэмарш часткі дэпутатаў стэрыльнага ў плане апазіцыйных уплываў заканадаўчага органа паказвае, што частка “народных абраннікаў” не канчаткова страціла глебу пад нагамі, адчуваюць зваротную сувязь у выглядзе катэгарычнага непрымання “рэкруцкіх правак”.

Матывацыя Міністэрства абароны што да скасавання шэрагу падставаў для адтэрміноўкі ад войска зразумелая. Беларуская армія імкнецца вырашыць пытанне з наборам прызыўнікоў самым простым спосабам. Калі для рэформаў, якія насамрэч даўно пераспелі, няма палітычнай волі, застаецца толькі адміністрацыйны рычаг і шлях забаронаў. Разам з тым, складваецца ўражанне, што нашыя вайсковыя начальнікі не разумеюць рэалій ХХІ стагоддзя, калі нязгодныя з дзяржавай грамадзяне проста абяруць для жыцця іншую дзяржаву. Балазе суседнія краіны Прыбалтыкі, Польшча маюць патрэбу ў кваліфікаваных і неканфліктных беларусах, якія, да таго ж, вельмі хутка адаптуюцца і становяцца ўзорнымі грамадзянамі. Замест стварэння канкурэнцыйнай эканомікі і працы над іміджам беларускай арміі, яны прапаноўваюць свабодным людзям новыя формы прыгонніцтва, што прадказальна выклікае раздражненне. Аналізуючы праблемы сучаснага беларускага войска, хочацца адзначыць, што, на вялікі жаль, за апошнія дзесяцігоддзі дзяржава зрабіла ўсё, каб насельніцтва дыстанцыявалася ад найважнейшай інстытуцыі, якой мае быць армія. Адукаваныя, патрыятычныя і амбіцыйныя беларусы не бачаць у войску, якое працягвае існаваць у сістэме каланіяльных штампаў і каштоўнасцей, месца, дзе можна рэалізаваць сябе. А раз так, то і кадры на афіцэрскія пасады ідуць адпаведныя, якія не разумеюць заганнасці праяваў “дзедаўшчыны” і не здольныя падцягнуцца на турніку больш за 5 разоў.

Улічваючы адназначна негатыўную рэакцыю грамадства, Міністэрства абароны можа яшчэ захаваць свой твар. Закон “Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь” прадугледжвае, што суб’ект заканадаўчай ініцыятывы мае права адклікаць праект закона да яго прыняцця Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ