Шчодрасць беларускай дзяржавы



Шчодрасць беларускай дзяржавы часам шакуе. Ад 1 да 3 базавых велічыняў – на такую суму могуць разлічваць беспрацоўныя, калі зарэгіструюцца ў службе занятасці. 3 базавыя велічыні – гэта прыблізна 30 даляраў. Для падтрымання штаноў неяк малавата. Сярэдняя пенсія па ўзросце таксама не дазваляе беларускім пенсіянерам, як гэта робяць іх аднагодкі з развітых краінаў, ездзіць па свеце з люстэркавымі фотаздымачамі, харчавацца нарвежскім ласосем і піць капучына ў кавярнях. Беларускі пенсіянер, хоць і адпрацаваў усё жыццё, плаціць за камуналку, набывае крупы і цукар, пару разоў на месяц ездзіць у грамадскім транспарце па горадзе ў пошуках таннага мяса. Праўда, нягледзячы на свае мізэрныя выплаты, нашыя пенсіянеры ўмудраюцца дапамагаць дзецям і ўнукам.

Свята шчодрасці было б няпоўным, калі б мы не ўзгадалі ільготы на так званы дарожны збор. Гэты дарожны збор у Беларусі яшчэ называюць падаткам на допуск да руху. Ад 1 студзеня 2016 года ў нас усталяваная ільгота з паніжаючым каэфіцыентам 0,5 для ветэранаў ВАв. Паніжаючы каэфіцыент 0,5 азначае, што кіроўцы гэтай катэгорыі заплацяць ў якасці дарожнага падатку менш, чымся ўсе астатнія вадзіцелі. Але тут ёсць невялічкі нюанс: ветэраны ВАв могуць разлічваць на зніжку толькі тады, калі яны маюць медычную даведку пра стан здароўя, у якой пацвярджаецца прыгоднасць да кіравання транспартнымі сродкамі. А цяпер давайце правядзем уяўны эксперымент. У мінулым годзе адзначалася 70-годдзе са дня заканчэння ІІ Сусветнай вайны. Гэта значыць, ільгота на дарожны падатак датычыць людзей, якія больш за 70 гадоў таму трымалі зброю ў руках, а сёння працягваюць трымаць стырно. Ды яшчэ мусяць быць настолькі здаровымі, што ім выдадуць медычную даведку. Паводле самых аптымістычных падлікаў, ветэранам вайны, якія дагэтуль з’яўляюцца кіроўцамі, у лепшым выпадку павінна быць каля 90 гадоў. Чамусьці думаецца, што такіх кіроўцаў у Беларусі можна пералічыць па пальцах. Прычым адной рукі. Затое дзяржава паказала ў чарговы раз, якая яна шчодрая.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ