Шлем Ізяслава і новая ідэалогія беларускай дзяржавы



Ва ўсёй гэтай гісторыі з так званым “шлемам князя Ізяслава” цікава не тое, што айчынныя археолагі носяцца з артэфактам як з пісанай торбай, колькі спроба ідэолагаў агучыць новыя інтэрпрэтацыі дактрыны беларускай дзяржаўнасці. Скажам прама, прагрэс навідавоку (у адрозненне ад папярэдніх ідэалагічных канцэпцый, у аснове якіх былі два кампаненты:  выключная роля першага прэзідэнта і гераізм беларусаў падчас ІІ Сусветнай вайны). Цяпер жа мы становімся сведкамі новага трэнду, які знаходзіць ухваленне на самым версе. Спачатку ў публічную прастору дапускаліся асцярожныя выказванні прыдворных прафесараў пра “беларускі” і аўтаномны характар Полацкага княства, што, у прынцыпе, у пэўнай ступені адпавядае рэчаіснасці. Але для пераканаўчасці не хапала “5 элемента”, каб народ прасякнуўся ідэяй Полацкага княства як калыскі беларускай дзяржавы. І вось здарылася падзея, у выніку якой пазл склаўся. У красавіку 2019 года каўшом экскаватара, які праводзіў працы па расчыстцы дна ў рачным порце Бабруйска, быў знойдзены пазалочаны шлем, які, паводле дадзеных археолагаў, праляжаў у гліне каля адной тысячы год. І тэарэтычна рэч магла належыць князю Ізяславу – таму самаму сыну полацкай княгіні Рагнеды, якую гвалтам узяў у жоны кіеўскі валадар Уладзімір. Пазней Ізяслаў стаў пачынальнікам полацкай дынастыі.

Адметна, што гісторык і дэпутат Ігар Марзалюк падчас выступу Аляксандра Лукашэнкі ў межах штогадовага паслання да Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу кіраўніка дзяржавы на значнасць знаходкі, якая сведчыць пра вытокі беларускай дзяржаўнасці з гісторыі сярэднявечнага Полацкага княства. Трэба сказаць, Аляксандр Лукашэнка, выслухаўшы гісторыка, не сільна пярэчыў, казаў, што такія трэнды будуць падтрымлівацца дзяржавай. І вось цягам двух месяцаў тэма “шлема Ізяслава” пастаянна ўздымаецца афіцыйнымі СМІ. Прычым асабліва акцэнтуецца ўвага на тым, што гэта “старажытны сімвал дзяржаўнасці, які ледзьве не ўдвая старэйшы за галоўны сімвал расейскага самадзяржаўя – шапку Манамаха”. То бок, ідэолагі асцярожна намацваюць канцэпцыю, якая сцвярджае права беларускай нацыі на будаўніцтва сваёй дзяржавы і асобны гістарычны лёс.

У гэтым звязку паўстае пытанне, чаму больш яркая і куды больш вывучаная гісторыя Вялікага княства Літоўскага, якое многія беларусы разглядаюць у якасці кропкі адліку гісторыі дзяржавы, не падыходзіць уладам. Справа ў тым, што ВкЛ, нягледзячы на пераважна славянскі характар насельніцтва, было антаганістычнай цывілізацыйнай мадэллю, альтэрнатывай усходняй дэспатыі, якой з’яўлялася Масковія напярэдадні свайго ўзвышэння. Колькасць жорсткіх войнаў Маскоўскага княства з ВкЛ сведчыць, што барацьба двух рэгіянальных цэнтраў ішла на поўнае знішчэнне. Што, у прынцыпе, амаль і здарылася пазней. Такім чынам, гісторыя ВкЛ не падыходзіць для дзяржаўных ідэолагаў з прычыны відавочнага канфрантацыйнага характару дачыненняў протабеларускай дзяржавы з Масковіяй.

А вось канкурэнцыя Полацка і іншых рускіх княстваў таго перыяда – справа даўно забытых дзён. Тым болей, Масквы ў той час не існавала як населенага пункта, не кажучы пра прэтэнзіі гэтага гораду на дамінаванне ў нашай частцы планеты. Ну, і чыста псіхалагічна кіраўніку дзяржавы, выгадаванаму на савецкай гістарыяграфіі, лягчэй усведамляць сябе пераемнікам полацкіх (рускіх князёў), чым нашчадкам незразумелых “еўрапейскіх паноў” – валадароў ВкЛ у сармацкіх строях.

Што да “шлема Ізяслава”, то, калі дапусціць сапраўднасць артэфакта, варта прызнаць знаходку важнай падзеяй. Але прыпісваць гэты атрыбут рэальнаму князю Ізяславу – гэта хутчэй спроба выдаць жаданне за рэчаіснасць. Зрэшты, зразумелы яшчэ адзін матыў папулярызацыі “шлема” – у беларускім грамадстве ў апошнія гады герб ВкЛ “Пагоня” стаў надзвычай запатрабаваным, таму і спрабуюць ідэолагі прапанаваць грамадзянам альтэрнатыўны сімвал беларускай дзяржаўнасці.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ