Што атрымалі жыхары Крыма пасля далучэння да Расеі?



26 лютага 2014 года – дата, ад якой пачынаецца адлік новай эпохі ў нашай частцы свету. Гісторыкам і палітолагам яшчэ давядзецца сур’ёзна папрацаваць над тэмай перакройвання межаў былых савецкіх дзяржаваў і вывучэннем феномена расейскага рэваншызму. Аднак можна ўжо цяпер гаварыць пра тое, што крывавы канфлікт у Данбасе і новая халодная вайна паміж РФ і Захадам пачаліся не пасля так званага рэферэндума 16 сакавіка 2014 году, а на пару тыдняў раней, калі крымскія татары і ўкраінскія патрыёты сарвалі псеўдалегітымную спробу анексіі Крыма.

26 лютага 2014 года дэпутаты Вярхоўнай Рады Аўтаномнай рэспублікі Крым пад знешнім ціскам меліся прагаласаваць за выхад паўвыспы са складу Украіны. Здавалася, гэтаму кроку нічога не павінна было перашкодзіць. Ва ўмовах паралюшу ўкраінскай улады, якая толькі-толькі аднаўлялася пасля расстрэлу Нябеснай сотні і ўцёкаў Віктара Януковіча ў Растоў, прыхільнікі далучэння Крыма да РФ не павінны былі сустрэць ніякага супраціву. Аднак нечакана ў цэнтры Сімферопаля, каля будынку крымскага парламента, з’явіўся аграмадны натоўп у некалькі тысяч чалавек з украінскімі і крымскататарскімі сцягамі. Актывісты выступілі ў падтрымку еднасці Украіны. У той жа час прыблізна такая ж колькасць людзей выйшла з супрацьлеглымі патрабаваннямі. У выніку закалотаў пацярпелі дзясяткі людзей, двое ў цісканіне загінулі. Але планы на мірную анексію Крыма былі пахаваныя.

Арганізатарамі праўкраінскай акцыі выступілі лідары крымскататарскай меншасці, якія і ў савецкія часы шмат праблемаў стваралі камуністычным уладам сваёй прынцыповасцю і нязломнасцю. Дэпутаты, якія меліся прагаласаваць за выхад Крыма са складу Украіны, спалохаліся наступстваў і народнага гневу. Наступнае пасяджэнне стала магчымым толькі тады, калі ўноч з 26 на 27 лютага ў будынку і на даху крымскага парламенту з’явіліся расейскія снайперы, а на вуліцах гарадоў – БТР-ы і так званыя “зялёныя чалавечкі”. Крымскія татары, альбо кырымлы, прымусілі расейскія ўлады выбраць сцэнар вайсковай агрэсіі. Нягледзячы на пераможныя карцінкі пракрамлёўскіх СМІ з рэферэндуму, цывілізаваны свет і нават саюзнікі Расеі з постсавецкай прасторы адмовіліся прызнаваць далучэнне Крыму да РФ.

Чаму беларусам важна думаць пра Крым? Справа не ў тым, што да 2014 года кожнае лета на ўкраінскай паўвыспе адпачывалі сотні тысяч нашых суайчыннікаў, якія цяпер перагледзелі маршруты турыстычных адпачынкаў. Гаворка пра тое, што вайна амаль падышла да нашых межаў. Менавіта Крым стаў тым спускавым кручком для трагічных падзей, якія цягнуцца вось ужо шосты год. У выніку расейска-ўкраінскага канфлікту толькі на тэрыторыі Украіны загінула каля 13 тысяч чалавек, паўтара мільёна жыхароў Луганскай і Данецкай абласцей вымушаныя былі пакінуць сваю радзіму і пераехаць на іншае месца жыхарства. Вайна ў Данбасе пераўтварыла Расею і некалі сяброўскую да яе Украіну ў сапраўдных ворагаў. Прымірэнне гэтых дзвюх дзяржаваў у перспектыве бліжэйшых дзесяцігоддзяў наўрад ці магчымае. Прынамсі, для гэтага патрэбныя перамена ўлады ў Расеі на дэмакратычную, выплаты кампенсацый Украіне і ўсім пацярпелым, аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і многія іншыя пытанні, якія сёння ўспрымаюцца няйначай як фантастыка.

Крымчане пасля “вяртання Крыма ў родную гавань” у большасці сваёй не сталі жыць лепей. Як мне распавёў адзін крымскі знаёмец: “Той, хто да анексіі нешта меў, пасля многае страціў. А тыя, хто нічога не мелі, дагэтуль нічога не маюць”. Далучэнне Крыма да РФ на практыцы азначае пагаршэнне сітуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека, калі жудаснай рэчаіснасцю сталіся дзясяткі выкраданняў людзей, рэпрэсіі супраць крымскататарскай меншасці і татальная русіфікацыя. Некалі мірная паўвыспа пераўтварылася ў шэрую зону, дзе не працуюе міжнародны бізнес і куды перасталі ездзіць замежныя турысты. Усе перамены збольшага выявіліся ў замене ўкраінскіх шыльдаў на расейскія і ў з’яўленні новых гаспадароў, якія дбаюць у асноўным пра свае інтарэсы. А турыстычны Крым пераўтварыўся ў вялікую вайсковую базу.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ