Што рабіць з прэзідэнтам, які спыніў свае паўнамоцтвы?



Палата прадстаўнікоў 6-га склікання дапрацоўвае апошнія дні. Дэпутатка Ганна Канапацкая, якая пазіцыянуе сябе ўмеранай апазіцыянеркай, прапанавала для разгляду парламента законапраект “Аб гарантыях прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і членам яго сям’і”. Гэтая заканадаўчая ініцыятыва выклікала нежартоўныя жарсці сярод дэмакратычных палітыкаў і апазіцыйна настроеных грамадзянаў. У прапанаваным законапраекце гаворыцца не толькі пра юрыдычныя гарантыі бяспекі для цяперашняга кіраўніка дзяржавы і членаў ягонай сям’і, але і пра захаванне ў яго высокіх стандартаў жыцця, уключаючы 75% ад заробку, рэзідэнцыю ва ўласнасці, медычную дапамогу і нават тэлефон з урадавай сувяззю. Палітычна актыўная частка беларускага грамадства ўспрыняла гэтую прапанову прагназавана негатыўна. Больш стрымана сябе павялі палітыкі. Нават самыя апантаныя праціўнікі рэжыму не выключаюць прадастаўлення гарантый недатыкальнасці Аляксандру Лукашэнку і ягонай сям’і пры выкананні пэўных умоваў. А менавіта: захаванне суверэнітэта дзяржавы, вызваленне палітзняволеных, мірная перадача ўлады і – самае экзатычнае – пакаянне.

Нягледзячы на непрыманне прапановы Ганны Канапацкай большасцю вядомых апазіцыйных дзеячаў, якія прама абвінавацілі дэпутатку ў здрадзе, важнасць тэмы ўсё роўна немагчыма абмінуць. Усё калі-небудзь сканчваецца, і ўлада Аляксандра Лукашэнкі, як бы яму не хацелася спыніць час, рана ці позна завяршыцца. І пытанне транзіту ўлады, і ягоны клопат пра будучыню дзяцей таксама будзе вельмі актуальным. А ва ўмовах, калі ў адных руках засяроджаныя ўсе лейцы кіравання, калі яму падпарадкаваны раздзьмуты сілавы апарат і сканцэнтраваныя фінансавыя патокі, то адзінай альтэрнатывай кругламу сталу застаецца грамадзянскі канфлікт з умяшальніцтвам знешніх сілаў. Прыблізна такі варыянт здарыўся ва Украіне пасля падзення прарасейскага рэжыма Януковіча. І такога сцэнару змаглі пазбегнуць палякі, якія падчас Круглага стала змаглі дамовіцца з камуністычнымі элітамі ПНР пра мірную трансфармацыі ўлады. Падобны прыклад быў і ў ГДР. Там супрацоўнікамі Штазі былі здзейсненыя цяжкія злачынствы ў дачыненні да дзясяткаў тысяч суайчыннікаў. Аднак пасля падзення Берлінскага мура да адказнасці былі прыцягнутыя ўсяго 2 асобы! І тое, адсядзеўшы сімвалічныя тэрміны, злачынцы ў пагонах выйшлі сабе на волю. У цяперашні момант, праз 30 гадоў пасля падзення камуністычнага рэжыму ва Усходняй Нямеччыне, былыя дзеячы ГДР адчуваюць сябе досыць някепска, атрымліваюць пенсіі і нават крытыкуюць новыя парадкі ў дэмакратычнай Нямеччыне. Сярод многіх усходніх немцаў, якія перажылі камуністычную дыктатуру, папулярнае выказванне: “Галоўнай пацярпелай падчас мірнай рэвалюцыі з’яўляецца справядлівасць”. Сапраўды, калі прааналізаваць сітуацыю пасля мірных аксамітных рэвалюцый у Польшчы і ў той жа Літве, атрымліваецца, што былыя функцыянеры і спецслужбісты, за рэдкім выняткам найбольш адыёзных прадстаўнікоў рэжыму, дастаткова няблага ўладкаваліся. А некаторыя дагэтуль кантралююць медыі і пэўныя палітычныя сілы. Так што, як бы горка не было ўсведамляць, мірныя перамены – гэта заўжды здольнасць дараваць ворагу ягоныя правіны дзеля будучыні краіны.

Але гісторыя з законапраектам Ганны Канапацкай – не пра тое, што нам трэба задумвацца пра варыянты з мірным транзітам улады. Тут гаворка ідзе пра фальстарт палітычнага сімулякра, які спрабуе выклікаць увагу да сваёй дзейнасці любымі абсурднымі ініцыятывамі. Некалькі месяцаў назад яна спрабавала ініцыяваць рэферэндум па выхадзе з Саюзнай дзяржавы, не ўлічваючы, што цяперашняя выбарчая сістэма на чале з Лідзіяй Ярмошынай заўжды забяспечыць патрэбны вынік. Цяпер жа Ганна Канапацкая, знаходзячыся ў статусе чалавека, які нічога не рашае, прапаноўвае асобе з царскімі паўнамоцтвамі бясслаўны сыход на пенсію. Можна сабе яскрава ўявіць рогат насельнікаў прэзідэнцкай рэзідэнцыі, калі яны прачытаюць гэты законапраект.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ