Сімволіка глуханямой краіны



„Слава Воршы ўжо ня горша!”, – гэтыя радкі з беларускай народнай песні прысвечаныя ўнушальнай перамозе войскаў ВкЛ над Масковіяй. Праз 500 гадоў у беларускай Воршы таксама адбылася сімвалічная падзея. Не такая, канешне, значная, як разгром 80-тысячнага войска непрыяцеля, але па-свойму рэзанансная.

На чыгуначнай станцыі „Хараброва” пры ўездзе ў Воршу высілкамі актывістаў і супрацоўнікаў міліцыі былі затрыманыя глуханямыя распаўсюднікі расейскіх сцяжкоў. На гора-гандляроў нават склалі пратакол аб несанкцыянаваным гандлі. Яшчэ год таму з такой навіны можна было б пакпіць. Падумаеш, героі якія! Разабраліся з інвалідамі з дапамогай міліцыянтаў… Але на фоне так званай „рускай вясны”, у выніку чаго Крым адышоў да Расеі і пачалася крывавая вайна на ўсходзе Украіны, нават такія паведамленні – бальзам на душу. У Крыме і на Данбасе таксама ўсё пачыналася не з захопаў урадавых будынкаў, а менавіта з распаўсюду расейскіх трыкалораў.

Многія беларусы на вуліцах сваіх гарадоў у апошнія некалькі месяцаў маглі назіраць, як невядомыя асобы ўцюхваюць не надта разборлівым кіроўцам сцяжкі суседняй дзяржавы. Звычайна гандляры расейскай сімволікай, парушаючы правілы дарожнага руху, выбягалі прама на праезную частку. Калі абураныя аўтамабілісты спрабавалі дазваніцца ў ДАІ, то там толькі разводзілі рукамі. Маўляў, гэта, па-першае, сімволіка сяброўскай краіны, а, па-другое, як можна прыцягваць да адказнасці глуханямых. І сапраўды, шкада інвалідаў. Такі ўжо менталітэт у беларусаў. Калі б фізічна здаровы чалавек прадаваў сцяжкі, то рэакцыю большасці на гэта можна было б прадказаць лёгка: „А не пайшоў бы ты, дзядзя, папрацаваць на заводзе…”. Але да глуханямых стаўленне іншае. Купіў сцяжок за 20 тысячаў – параўнальна танна атрымаў плюсік у карму. Ну, а потым уключаецца дробнаўласніцкі інстынкт: не выкідаць жа ў сметнік рэчы, набытыя за свае грошы? Вось і ездзяць па беларускіх дарогах тысячы аўтамабіляў з трыкалорамі ад глуханямых.

Дарэчы, падчас затрымання распаўсюднікі сімволікі РФ заявілі, што пастаўкі прадукцыі ідуць наўпрост з суседняй дзяржавы. Прычым абсалютна бясплатна. Калі б мы жылі насамрэч у незалежнай краіне, то спецслужбы даўно б зацікавіліся гэтым атракцыёнам шчодрасці. Зрэшты, сімвалічныя ўсё-такі ў Беларусі распаўсюднікі расейскай сімволікі. У Расеі каля 80 працэнтаў насельніцтва ухваляе агрэсіўную знешнюю палітыку Уладзіміра Пуціна. Большасць не жадае чуць аргументы іншадумцаў і ўпарта адмаўляецца бачыць факты, якія паказваюць, што такая палітыка вядзе РФ у бездань. Так што, глуханямыя распаўсюднікі – ідэальныя агенты для глуханямой краіны.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ