Спрэчкі вакол паходжання Канстанціна Астрожскага



Ва ўкраінскім горадзе Роўна мясцовыя ўлады вырашылі адзначыць 505-годдзе бітвы пад Оршай. На сцяне гандлёвага цэнтра, які знаходзіцца на месцы колішняй Астрожскай брамы, з’явілася сціплая шыльдачка з караценькай інфармацыяй пра перамогу князя К. Астрожскага. З’яўленне шыльды ў гонар гетмана ВкЛ Канстанціна Астрожскага ва Украіне – факт сімптаматычны. За апошнія некалькі год ва Украіне пачаў набіраць моц культ славутага палкаводца, які спыніў экспансію Масковіі на некалькі дзесяцігоддзяў. Перамога Астрожскага мела важнае значэнне для ВкЛ, якое паспела ў перыяд адноснага зацішша перажыць Рэнесанс, распачаць кнігадрукаванне, стварыць Статуты, пачало ўводзіць Магдэбургскае права ў беларускіх мястэчках і гарадах. То бок, практычна ўсе еўрапейскія здабыткі, якімі ганарацца сённяшнія беларусы (замкі, кнігі і гісторыя), сталі магчымымі менавіта дзякуючы перамозе пад Оршай.

Калі да нядаўняга часу пра імя Канстанціна Астрожскага ў суседняй дзяржаве мала што ведалі шырокія масы, то цяпер дыпламаты, культурніцкія ўстановы і грамадскія арганізацыі Украіны папулярызуюць ягоны чын. Некаторыя вайсковыя злучэнні, як напрыклад, Наваград-Валынская Роўненская механізаваная брыгада носяць імя Канстанціна Астрожскага. А Нацбанк Украіны выдае юбілейныя манеты з выявай князя. Абсалютна відавочна, што ўкраінская дзяржава рашуча ўводзіць гэтага дзеяча мінулага ў пантэон сваіх герояў. Зрэшты, суседзі маюць права на такія дзеянні, бо гісторыя ВкЛ – гэта таксама і іх гісторыя. З адной агаворкай, што сучасныя беларускія землі былі ядром гэтай магутнай сярэднявечнай дзяржавы, а ўкраінскія – перыферыяй. Некаторыя цяперашнія сярэднявечныя замкі, якія з’яўляюцца візітоўкай Украіны, былі ўзведзеныя на загад гедымінавічаў – Карыята і ягоных нашчадкаў і Любарта. А ў знакамітым Луцкім замку мелася адбыцца каранацыя Вітаўта, але гісторыя склалася інакш.

Род Астрожскіх, да якіх адносіцца “літоўскі ганібал”, сапраўды меў маярат у цяперашнім горадзе Астрогу Роўненскай вобласці, але ягоныя продкі – з Турава-Пінскага княства. То бок, паходзілі яны з сучаснага беларуска-ўкраінскага памежжа, хаця ўсе гэтыя высновы не маюць практычнага сэнса па простай прычыне: мадэрныя беларуская і ўкраінская нацыі пачалі афармляцца ў сярэдзіне —другой палове ХІХ стагоддзя. А сярэднявечныя князі ВкЛ маюць да цяперашніх украінцаў і беларусаў такое ж дачыненне, як жыхары Рымскай імперыі да сучасных італьянцаў. Але ў плане культывавання нацыянальных міфаў спозненым нацыям такія героі, як Астрожскі, надта патрэбныя.

Зварот украінскага грамадства да гісторыі ВкЛ – гэта тэндэнцыя, якая будзе ўзмацняцца па меры паглыблення інтэграцыі гэтай дзяржавы з ЕЗ. Справа ў тым, што ранейшыя ідэалагемы, збудаваныя на гісторыі Кіеўскай дзяржавы альбо Запарожскай сечы, запатрабаваныя раней пры папярэдніх хвалях украінізацыі, практычна вычарпалі свой патэнцыял. Для падкрэслівання еўрапейскага складніка гісторыі Украіны няма лепшага перыяду, чым часы ВкЛ. Адпаведна, такія выпадкі, як са спробай манапалізацыі перамогі ў бітве пад Оршай, будуць здарацца ўсё часцей. Зрэшты, беларусам, як і ў гісторыі з ушанаваннем герояў паўстання 1863-1864 гг. у Вільні, не трэба вінаваціць суседнія народы ў тым, што пра нас забылі. Ані літоўцы, ані ўкраінцы не павінны дбаць пра нашыя інтарэсы, калі нам самім абыякавая нашая гісторыя. Пакуль беларускія вуліцы носяць імёны камуністычных дзеячаў, а на нашых плошчах стаяць помнікі правадыру бальшавіцкага перавароту, якія мы можам мець прэтэнзіі да тых, хто імкнецца выкарыстаць цагліны з руінаў ВкЛ, каб пабудаваць надзейную хаціну?

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ