Тэст на ідэнтычнасць



Прэтэндаваць на “карту паляка” могуць людзі польскага паходжання альбо тыя, хто робіць значны ўнёсак у развіццё польскай культуры за межамі Польшчы. Безумоўна, сярод уладальнікаў гэтага дакумента дастаткова этнічных палякаў, для якіх вельмі важна мець нават сімвалічнае пацверджанне іх датычнасці да радзімы продкаў. Аднак не трэба скідваць з рахункаў і чыста прагматычныя памкненні пэўнай часткі беларускага грамадства, прадстаўнікі якой імкнуцца палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт за кошт магчымасцей, што адкрываюцца перад імі пасля атрымання “карты паляка”.

Акрамя бясплатнага наведвання дзяржаўных музеяў, для такой катэгорыі грамадзянаў прадугледжаныя шэраг ільгот, медычная дапамога і нават выплаты ў выпадку сталага пражывання на тэрыторыі Польшчы. Многія беларусы, асабліва маладога веку, разглядаюць “карту паляка” як трамплін для перамяшчэння ў больш паспяховую і заможную дзяржаву ЕЗ.

Зразумела, зацікаўленасць беларусаў гэтай праграмай не можа не хваляваць афіцыйныя ўлады, якія праз масавы адток грамадзянаў бачаць шэраг пагроз: ад пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі да дэфіцыту працоўных рэсурсаў. Рэакцыя Менска ў гэтай сітуацыі досыць прагназаваная. Вось ужо другое дзесяцігоддзе высокапастаўленыя чыноўнікі заяўляюць пра несяброўскі характар гэтай ініцыятывы польскай дзяржавы. У 2011 годзе Канстытуцыйны суд РБ прызнаў, што Закон “Аб карце паляка” супярэчыць шэрагу міждзяржаўных і міжнародных пагадненняў і прынцыпаў. Але такое рашэнне беларускага КС не паўплывала на стаўленне беларусаў да “карты паляка”. Наадварот, як сведчаць польскія дзяржаўныя органы, штогод усё больш грамадзянаў РБ падаюць заяўкі на афармленне гэтага дакумента.

Чаму ж беларусы так лёгка адмаўляюцца ад сваёй ідэнтычнасці? Справа ў тым, што маналітнасць сучаснай беларускай нацыі – гэта постсавецкая фантазія. Сярод многіх суайчыннікаў, якія дзесяцігоддзямі дэкларавалі сябе беларусамі, насамрэч ёсць людзі з польскімі каранямі. Адмова іх ад сваёй ідэнтычнасці ў першай палове ХХ стагоддзя праходзіла ў вельмі драматычных абставінах. У 1930-я гады польская меншасць у СССР была адной з найбольш рэпрэсаваных групаў насельніцтва. Паводле толькі адной справы “Польскай арганізацыі вайсковай”, сфабрыкаванай НКВД у 1937 годзе, былі расстраляныя больш за 110 тысяч савецкіх палякаў. У тыя часы сама прыналежнасць да польскай нацыі азначала пазбаўленне маёмасці, дэпартацыю альбо расстрэл. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе дзясяткі тысяч мясцовых палякаў таксама былі рэпрэсаваныя. Таму, відавочна, грамадзяне польскага паходжання лічылі для сябе неабходным не дэклараваць сваю польскасць. У рэаліях ХХІ стагоддзя многія беларусы пачалі цікавіцца гісторыяй сваіх сем’яў, што заканамерна прывяло да ўсплеску папулярнасці “карты паляка”.

Няма сумневу, што матыў афармлення “карты паляка” для большасці беларускіх прэтэндэнтаў – гэта няўпэўненасць у перспектывах жыцця ў Беларусі. Нехта імкнецца забяспечыць будучыню дзяцей, арыентуючы іх на пераезд у Польшчу. Хтосьці пасля падзей 2014 года, калі ў нашай частцы свету пачаўся чарговы перадзел межаў, прама гаворыць, што баіцца паўтарэння рэпрэсій супраць этнічных палякаў у выпадку пазбаўлення Беларуссю незалежнасці.

У любым разе, калі адкінуць эмоцыі, наяўнасць “карты паляка” – гэта не праблема польскай дзяржавы, якая рэалізуе знешнюю палітыку, згодна сваім нацыянальным інтарэсам. Гэта праблема сучаснай Беларусі з яе непрываблівай палітычнай сістэмай і неканкурэнтаздольнай эканомікай. У адным нядаўнім інтэрв’ю журналістам “Еўрарадыё” Змітру Лукашуку і Максіму Гарунову беластоцкі прафесар Алег Латышонак сфармуляваў формулу поспеху беларускай дзяржавы, без якой мы і надалей будзем назіраць масавую эміграцыю. “Не зробіць Беларусь ніякага рыўка без моцнай нацыянальнай свядомасці”, — зазначыў Алег Латышонак. Гэта значыць, беларускай дзяржаве, калі яна хоча захавацца ў перспектыве бліжэйшых дзесяцігоддзяў, трэба пераглядзець стаўленне да беларускай мовы, гісторыі і культуры, без чаго ніякіх поспехаў у эканоміцы і дзяржаўным будаўніцтве быць не можа па азначэнні.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ