Ці пачынаецца мядовы месяц Беларусі і ЗША?



Некалькі беларускіх выданняў са спасылкай на крыніцы ў МЗС падалі інфармацыю пра тое, што ў бліжэйшы месяц у Менск можа прыехаць дзяржсакратар ЗША і былы дырэктар ЦРУ Майк Пампеа. Афіцыйны візіт амерыканскага чыноўніка такога рангу – добрая навіна для прыхільнікаў незалежнасці, але сумная для тых, хто робіць стаўку на “паглыбленне інтэграцыі з РФ”. Справа ў тым, што знешнепалітычнае ведамства ЗША Дзярждэп – гэта надта сур’ёзны гулец, каб не пралічваць свае дзеянні на некалькі крокаў наперад. Прыезд Майка Пампеа – гэта прадвесце таго, што неўзабаве дыпламатычная пляцоўка ЗША запрацуе ў Беларусі напоўніцу, а не ў рэдукаваным выглядзе, як тое было ў апошнюю дзесяцігодку пасля чарговага “шпіёнскага скандалу”. Апроч таго, кантакты ўплывовых амерыканскіх чыноўнікаў з афіцыйным Менскам паказваюць, што ЗША намераныя нарошчваць сваю прысутнасць ва Усходняй Еўропе. Крэмль, у сваю чаргу, атрымлівае сігнал, што Белы Дом падтрымлівае незалежнасць Беларусі не толькі на словах.

Гісторыю дачыненняў Беларусі і ЗША цяжка назваць бясхмарнай. Пасля кароткага перыяду станаўлення дзяржаўнасці ў першай палове 1990-х, калі ЗША прызналі суверэнітэт нашай краіны і выступілі гарантам бяспекі Беларусі, што зафіксавана ў Будапешцкім мемарандуме, пачаліся адваротныя працэсы. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе пазіцыі дзвюх дзяржаваў сталі разыходзіцца. Гэта было абумоўлена логікай палітычных падзеяў як унутры, так і звонку Беларусі. Унутры краіны ў першыя гады кіравання прэзідэнта Лукашэнкі адбывалася змаганне з апанентамі з дэмакратычнага лагеру, што выклікала крытыку Дзярждэпа ЗША. На знешнім фронце новая беларуская ўлада абвясціла курс на збліжэнне з РФ, што таксама насцярожвала амерыканскія эліты. Першым публічным скандалам Менска з Вашынгтонам стала прымусовае высяленне амерыканскага пасла з ягонай рэзідэнцыі ў Драздах па прычыне неабходнасці рамонта каналізацыі. У наступныя дзесяцігоддзі у дачыненнях Беларусі і ЗША раз-пораз узнікалі канфлікты, шпіёнскія скандалы і ўводзіліся санкцыі. Сітуацыя пачала мяняцца карэнным чынам некалькі гадоў таму.

Увогуле, калі казаць прама, то аднаўленне кантактаў Беларусі з ЗША – гэта вынік паслядоўных дзеянняў беларускага МЗС за апошнія 4 гады. Пасля далучэння ўкраінскай паўвыспы Крым да РФ беларуская афіцыйная ўлада ўбачыла пагрозу ад дысбалансу знешняй палітыкі, у выніку чаго былі насамрэч прынятыя меры па выпраўленні сітуацыі. Зразумела, пацяпленне беларуска-амерыканскіх адносінаў наўрад ці спадабаецца Маскве, таму ў бліжэйшы час варта чакаць многа вербальнай экспрэсіі ад крамлёўскіх ястрабаў у бок Менска.

Калі візіт Майка Пампеа ў Беларусь адбудзецца насамрэч, то гэта будзе падзея амаль такога ж значэння, як прыезд амерыканскага прэзідэнта Біла Клінтана ў 1994 годзе. Па сутнасці, нашая дзяржава атрымлівае шанец на нармалізацыю дачыненняў з Захадам. Што праўда, гэтае сітуацыйнае збліжэнне пазіцый можа так і не стаць тэндэнцыяй, калі ўлады Беларусі пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў 2020 года па сваім сцэнары вернуцца да ранейшай тактыкі жорсткага супрацьстаяння з ЕЗ і ЗША.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ