Ці паедзе Лукашэнка ў Вільню?



Дзясяты прэзідэнт Літоўскай рэспублікі Гітанас Наўседа яшчэ думае, ці запрашаць першага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку на цырымонію перапахавання парэшткаў правадыроў паўстання 1863-1864 гг. Пра гэта кіраўнік Літвы заявіў у Варшаве, каментуючы пытанні беларуска-літоўскіх узаемадачыненняў. Пазіцыя літоўскага боку адносна магчымасці імпарту беларускай энергіі адназначная: Літва не будзе купляць электраэнергію з АЭС у Астраўцы з-за сумневаў у бяспечнасці гэтага аб’екту. А што да ўдзелу першай асобы беларускай дзяржавы ў мемарыяльнай цырымоніі ў Вільні, тут яшчэ справа не вырашаная. Хаця танальнасць выказвання Гітанаса Наўседы паказвае, што прысутнасць Аляксандра Лукашэнкі на цырымоніі ўшанавання Зыгмунта Серакоўскага, Кастуся Каліноўскага і іх паплечнікаў не надта пажаданая.

Трэба сказаць, адносіны афіцыйных Менска і Вільні бясхмарнымі яўна не назавеш. Згаданы вышэй канфлікт дзвюх дзяржаваў вакол будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў непасрэднай блізасці ад Вільні прывёў да таго, што Літва, хоць афіцыйна гэта нідзе не гучыць, не надта вітае “пацяпленне” адносін Беларусі і ЕЗ. Прынамсі, такія складваюцца ўражанні ад некаторых намёкаў беларускіх дыпламатаў. У траўні гэтага году ў Брусэлі, падчас адзначэння 10-годдзя “Усходняга партнёрства” міністр замежных справаў Уладзімір Макей зазначыў, што Беларусь гатовая рухацца па некаторых пытаннях у бок ЕЗ, але гэтаму руху замінае пазіцыя адной краіны. Высновы адносна няпростых дачыненняў Менска і Вільні напрошваюцца самі па сабе ў кантэксце таго, што ў той момант менавіта Літва заблакавала падпісанне пагаднення “Прыярытэты партнёрства”. І вось новы прэзідэнт Літвы амаль адкрытым тэкстам гаворыць пра тое, што за пару месяцаў да эпахальнай падзеі, якой стане перапахаванне парэштак правадыроў паўстанцаў, у Вільні яшчэ не вызначыліся, на якім узроўні мае быць прадстаўленай Беларусь. У той жа момант вядома, што ад Польшчы на цырымоніі будзе прэзідэнт краіны Анджэй Дуда ці прэм’ер Матэуш Маравецкі. Выказванне Гітанаса Наўседы, зрэшты, спрашчае дылему для кіраўніка Беларусі, для якога карысць піар-эфекту ад сустрэчы з прэзідэнтамі суседніх дзяржаваў куды меншая, чым рызыка рэзкай рэакцыі Масквы на гэты “антырасейскі выбрык” краін-спадкаемцаў Рэчы Паспалітай. Па праўдзе кажучы, нават калі б не было гэтага выказвання Гітанаса Наўседы, то прысутнасць Аляксандра Лукашэнкі на мерапрыемстве, прысвечанаму ўшанаванню герояў вызвольнага паўстання супраць царскай Расеі, — гэта штосьці са сферы фантастыкі. Асабліва ў перадвыбарчы год, калі падтрымка беларускай гаспадаркі з боку РФ становіцца адным з вызначальных фактараў стабільнасці сістэмы і спакойнага правядзення выбараў. Адпаведна, хваляванні літоўскіх палітыкаў былі марныя. Яны маглі б смела запрашаць прэзідэнта Беларусі да сябе, ведаючы амаль на 100%, што ён не прыедзе. Хутчэй за ўсё нашую краіну на ўрачыстай цырымоніі прадставіць пасол Беларусі ў Літве ці, напрыклад, старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

Зрэшты, незалежна ад рашэнняў афіцыйнага Менска, Беларусь на цырымоніі перапахавання парэштак паўстанцаў будзе прадстаўленая. Ужо вядома, што на мерапрыемства збіраюцца сотні беларусаў з усёй краіны, вядомыя грамадскія дзеячы і дэмакратычныя палітыкі. Літоўскія ўлады зрабілі прыгожы жэст, пагадзіўшыся на тое, каб на помніку паўстанцам прысутнічала таксама беларуская мова. Так што, падзея абяцае быць важнай і статуснай.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ