Ці радавацца беларусам адстаўцы Шуневіча?



Адстаўку міністра Ігара Шуневіча ўспрыняў з энтузіязмам практычна ўвесь беларускі соцыум. Апазіцыянеры не любілі гэтага функцыянера за шчыраванне на ніве палітычнага сыску. Асабліва ён стараўся падчас так званых “антыдармаедскіх маршаў” у 2017 годзе. Затрыманні апанентаў улады, разгоны дэманстрантаў, высмактаныя з пальца адміністрацыйныя справы прывялі да канчатковага падзення аўтарытэту МУС у вачах грамадства. Што праўда, абсалютна заканамерная рэакцыя грамадзянаў чамусьці з лёгкай рукі падначаленых гэтага міністра была названай “інфармацыйнай вайной супраць МУС”. Прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці таксама выступалі супраць міністра, які адкрыта прапагандаваў гамафобію, выказваўся ў недапушчальных для ўрадоўца такога рангу катэгорыях “мовы нянавісці”. Пасля інцыдэнта са смерцю магілёўскага інспектара ДАІ пад прыцэл міліцыянтаў трапілі прадстаўнікі народу рома, а сам міністр, каментуючы пагром магілёўскіх ромаў, заявіў, што яму няма за што прасіць прабачэння. Дадамо сюды яшчэ гісторыю са скульптурай сталічнаму гарадавому, якая стала сапраўдным сімвалам абсурднасці праваахоўнай сістэмы. Але ўсе гэтыя дзеянні ў той ці іншай ступені былі ўласцівыя і папярэднім міністрам унутраных справаў, якія працавалі на гэтай пасадзе ад 1999 года. Ну, хіба што Уладзімір Навумаў і Анатоль Куляшоў у форме сталінскіх спецслужб не дэфілявалі на шырокай публіцы.  

І вось нечакана, напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў, Ігар Шуневіч перастаў быць міністрам. Перад ягоным “добраахвотным” сыходам з пасады афіцыйныя СМІ растыражавалі незадаволеную заяву кіраўніка дзяржавы пра бетонныя блокі, расстаўленыя па загадзе міністра ўздоўж некаторых магістраляў для забеспячэння бяспекі на масавых мерапрыемствах. Маўляў, пераўтвараюць спакойную Беларусь у “гета і канцлагер”.

Відавочна, рашэнне аб звальненні наўрад ці прымаў сам Ігар Шуневіч. Асаблівасць беларускай палітычнай сістэмы такая, што сысці нават пры вялікім жаданні ў асабліва набліжаных да ўлады людзей не атрымаецца. Напрыклад, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў нядаўнім інтэрв’ю прызналася, што хацела б пайсці на пенсію. Але хто ж яе адпусціць напярэдадні важных выбарчых кампаній? Так і з Ігарам Шуневічам, якому нібыта патрэбная паўза, каб адпачыць, набрацца сілаў і асвяжыць успрыманне рэчаіснасці. Проста на гэтым этапе ў паслугах лаяльнага, але надзвычай самастойнага ў сваіх дзеяннях і выказваннях сілавіка, няма вялікай патрэбы. Тым больш, засядзеўся ён на сваёй пасадзе досыць доўга, аброс сувязямі і групамі ўплыву. Вось і папрасілі яго. Але не верыцца, што мы назіраем заняпад кар’еры Ігара Шуневіча. Для сістэмы ён з’яўляецца надзвычай каштоўным кадрам, прымяненне якому дакладна знойдзецца ў бліжэйшы час. Толькі працаваць ён будзе, хутчэй за ўсё ў цені, не на настолькі бачнай ролі.

Ці радавацца беларусам з нагоды адстаўкі Шуневіча? Як той казаў, тут ёсць дзве навіны: добрая і кепская. Добрая заключаецца ў тым, што, прынамсі, гэтая адыёзная асоба не так часта будзе ньюсмейкерам. А што да кепскай навіны, то ніякіх сутнасных зменаў сістэмы МУС у бліжэйшы час не адбудзецца. Міліцыя, як была, так і застаецца адным з найбольш кансерватыўных інстытутаў дзяржавы, пачынаючы ад формы, якая нагадвае савецкую, сканчваючы ўсім вядомымі негатыўнымі праявамі сілавой структуры, што стаіць на варце аўтарытарнага рэжыма.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ