Ці вернуцца бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня?



26 гадоў таму многія беларусы пайшлі на рэферэндум, каб падтрымаць аднаго маладога палітыка. Ён тады пазіцыянаваў сябе новай сілай, якая пазбавіць уладу карупцыйных праяваў і верне ўсё добрае, што было да развалу СССР. Многія, асабліва прадстаўнікі старэйшых пакаленняў, успрынялі папулісцкую рыторыку за чыстую манету. Яны былі гатовыя прагаласаваць за ўсё што заўгодна, каб аказаць давер чалавеку, у якога паверылі. Іх не турбавала, што ў выніку гэтага рэферэндума краіна на доўгія гады пагрузіцца ў сітуацыю жорсткага супрацьстаяння, гвалту і бяспраўя. Большасць тых, хто прагаласаваў на сумнеўным з пункту гледжання законнасці рэферэндуме, падтрымала прапановы кіраўніка дзяржавы. Сярод гэтых прапановаў было тое, на што не ўзнялася б ніколі рука беларускага патрыёта: скасаванне статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, замена гістарычнай сімволікі (бел-чырвона-белага сцяга і герба Пагоня). Пасля гэтага галасавання ў наступныя дзесяцігоддзі стала нормай тое, што ў цывілізаваных дзяржавах ніколі не здараецца: дыскрымінацыя носьбітаў мовы тытульнай нацыі, абсурдны пераслед патрыётаў за нацыянальную сімволіку. Па сутнасці, беларусы зладзілі сваімі ж рукамі акт этнацыду, за што наступныя пакаленні дагэтуль нясуць пакаранне.

Як так сталася, што беларусы добраахвотна адмовіліся ад сваіх нацыянальных сімвалаў пасля распаду СССР? Прыхільнікі першага прэзідэнта кіраваліся настальгіяй па тым часе, калі не трэба было прымаць складаныя рашэнні, быць ініцыятыўнымі і канкурэнтаздольнымі. За савецкіх грамадзянаў усё вырашала кампартыя. Іх жыццё было распісанае на дзесяцігоддзі наперад. З ломкай старога ладу зруйнавалася звыклая карціна свету мільёнаў людзей, якім давялося адаптоўвацца да жорсткіх рэалій рынкавай эканомікі. І аказалася, што найлепшыя ў свеце інжынеры насамрэч даволі пасрэдныя спецыялісты, якім трэба істотна падцягваць узровень, каб адпавядаць патрабаванням сучасных заходніх прадпрыемстваў. Аказалася, што вайскоўцы ўсё жыццё прысвяцілі служэнню хімеры, ад якой не засталося і ценю пасля падзення камунізму. А міф пра самую грунтоўную адукацыю развеяўся сам па сабе пасля масавай істэрыі з тэлевізійнымі шоу экстрасенсаў і іншых шарлатанаў. Настальгія па СССР і неразуменне каштоўнасці нацыянальных сімвалаў – тое, што паўплывала на лёгкасць рашэння пра змену курса дзяржавы.

Сапраўдны рэферэндум адносна нацыянальнай сімволікі адбыўся, аднак, не ў 1995-м, а ў 2020 годзе, калі сотні тысяч грамадзян выходзілі пад бел-чырвона-белымі сцягамі на вуліцы гарадоў, калі за нацыянальны сцяг загінуў Раман Бандарэнка, калі за ўзняцце нацыянальнага палотнішча на плошчы ў Гомелі судзяць маладых хлопцаў… Беларусы за тры дзесяцігоддзі аўтарытарнай улады выраслі як нацыя і вызначыліся з сімваламі, якія без усялякага сумневу стануць неўзабаве дзяржаўнымі.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ