Ці ёсць падабенствы паміж Лукашэнкам і Зяленскім?



Чвэрць стагоддзя таму па выніках другога туру прэзідэнцкіх выбараў Беларусь узначаліў Аляксандр Лукашэнка. Ён перамог коснаязыкага і самаўпэўненага наменклатуршчыка Вячаслава Кебіча, які нават на фоне экс-старшыні саўгаса “Гарадзец” выглядаў архаічна і карыкатурна. Рыторыка кандыдата Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе адпавядала чаканням большасці насельніцтва постсавецкай рэспублікі. Ён выказваўся за паглыбленне інтэграцыі з Расеяй, анансаваў антыкарупцыйныя чысткі і ўвогуле разносіў ва ўсю дэмакратаў, якія сталі зручнай мішэнню для крытыкі на фоне працяглага гаспадарчага крызіса.

Сам факт прыходу да ўлады рэакцыйнага палітыка разглядаўся прадэмакратычнымі грамадзянамі як часовая з’ява, якая будзе ўспрымацца праз некалькі гадоў як нейкая недарэчнасць. Але аказалася, што намеры ў людзей, якія прыйшлі да ўлады ў выніку першых і апошніх у Беларусі дэмакратычных выбараў прэзідэнта, былі сур’ёзнымі. Крок за крокам умацоўвалася вертыкаль улады, звужалася прастора свабоды, пашыраліся паўнамоцтвы сілавікоў, прыбіраліся найбольш небяспечныя апаненты ўлады. Новае кіраўніцтва краіны пісьменна выкарыстоўвала старажытнарымскі рэцэпт захавання ўлады — “падзяляй і ўладарнічай”. Па яшчэ не да канца кансалідаванай нацыі быў нанесены магутны ўдар у выглядзе змены нацыянальнай сімволікі і ўвядзення так званага двухмоўя, якое на практыцы амаль паўсюдна выціснула родную, беларускую мову, з усіх сфер ужытку грамадства. Наступствы гэтых дзеянняў мы адчуваем дасюль, калі тытульная нацыя пачувае сябе на правах гасцей у сваім жа доме.

Аўтарытарны рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі, на доўгія гады стаў страшылкай для свабоднага свету. Але для многіх грамадзян постсавецкіх Расеі і Украіны, асабліва для старэйшага пакалення і малаадукаваных слаёў насельніцтва, Аляксандр Лукашэнка стаў увасабленнем справядлівай сістэмы і веры ў тое, што аднаўленне Савецкага Саюза, хай і ў маштабе адной рэспублікі, магчымае.

Суседняя Україна за гэты час паспела перажыць дзве рэвалюцыі. Першую ў 2004 годзе, калі была пастаўленая тлустая кропка на “кучмізме” як поставецкай дэвіяцыі. Пасля правальнага кіравання дзяржавай прэзідэнта Віктара Юшчанкі да ўлады дарваліся прадстаўнікі клану Віктара Януковіча. Спроба развярнуць краіну ў бок Мытнага Саюза, якую нечакана распачаў Януковіч, выклікала другую рэвалюцыю, якая скончылася перамогай праеўрапейскіх сілаў ў 2014 годзе. Цягам наступных пяці гадоў, на фоне вайны, прэзідэнт Пятро Парашэнка здзейсніў мноства пераўтварэнняў у сферы мясцовага самакіравання, паспрыяў адаптацыі ўкраінскага заканадаўства да стандартаў ЕЗ, узмацніў армію, дамогся аўтакефаліі для ўкраінскай праваслаўнай царквы. Але аказалася, што ўкраінскае насельніцтва ў 2019 годзе чакала іншага – моцнай рукі. Лайт-версіяй надзвычай папулярнага ва Украіне Аляксандра Лукашэнкі стаў Уладзімір Зяленскі, за якога прагаласавала ў другім туры больш за 70% насельніцтва. Адразу ў пачатку свайго кіравання ён, як і ягоны беларускі настаўнік у далёкіх 1990-х, атакаваў парламент. А стыль камунікацыі прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага з апанентамі стаў усё больш нагадваць да болю знаёмыя беларусам прыёмы Аляксандра Лукашэнкі, які на зары свайго прэзідэнцтва абяцаў разабрацца з “жулікамі ва ўрадзе, а потым з усімі іншымі”.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ