У Беларусі можа з’явіцца чарговы палітычны праект



Кіраўнік адной з эміграцыйных структур заявіў пра планы на стварэнне палітычнай партыі. Былы міністр і дыпламат Павел Латушка ў прэс-рэлізе ад імя Народнага Антыкрызіснага Ўпраўлення (НАУ) анансаваў праект партыйнай структуры, якая павінна стаць інструментам ціску на ўладу. Палітык паясняе, што патрэба ў стварэнні новай партыі заключаецца ў тым, што ў любы момант можа адбыцца калапс улады, да якога трэба быць гатовымі, каб не ўпусціць момант і не даць шансу дыктатуры.

За апошнія некалькі тыдняў — гэта другая заяўка на стварэнне новай палітычнай партыі. Першымі агучылі падобную ідэю прадстаўнікі штабу палітзняволенага Віктара Бабарыкі. Абедзве ініцыятывы, зрэшты, не знайшлі агульнага ўхвалення ў палітызаванай часткі насельніцтва. Меркаванні айчыннага палітыкума падзяліліся, але ў асноўным закіды, адрасаваныя Бабарыку, паўтараюцца і ў дачыненні да Латушкі. Крытыкі гавораць пра тое, што ва ўмовах тыраніі партыю стварыць не ўдасца. Акрамя гэтага, папярэджваюць пра тое, што з’яўленне партый — несвоечасовая задума, паколькі падзяляе пратэстовы рух. Дадзеныя сцвярджэнні, зрэшты, з’яўляюцца адносна справядлівымі, паколькі ў гісторыі чалавецтва мала калі змаганне за свабоду праходзіла ў зручных варунках. Перамога над дыктатурай не мае нейкага аднаго рэцэпту. Недзе вызваленне адбывалася пасля народнага паўстання. Cвабоду атрымлівалі на фоне падзення імперый. Дзесьці ствараўся рух на базе афіцыйнага прафсаюза. Часам перамены паскарала з’яўленне народнай партыі. Ясна адно: у Беларусі прыспеў час перайсці ад стыхійнага пратэсту да сістэмнай працы. Але на шляху гэтай працы ёсць сур’ёзная праблема ў выглядзе аўтарытарнай дзяржавы, якая дагэтуль мае рэсурсны і чалавечы патэнцыял і якая дакладна не дазволіць проста пачынаць працу па стварэнні альтэрнатыўнага цэнтра змагання за ўладу. Адпаведна, шансы на паспяховасць дадзенага праекту дастаткова сціплыя. Калі ж улічыць, што ідэю агучыў палітык у эміграцыі, які не абапіраецца ўнутры Беларусі на сур’ёзныя арганізацыі, то дадзеная ініцыятыва ўвогуле выглядае фальстартам.

Разам з тым ад з’яўлення чарговай апазіцыйнай арганізацыі палітычнае жыццё ў Беларусі яўна не збяднее і не фрагментуецца, бо няма чаму фрагментавацца. Агульнанацыянальны пратэстовы рух за 9 месяцаў няспынных акцый так і не паўстаў. Адпаведна, ад таго, што нехта імкнецца стварыць структуру, горш не стане.

Ініцыятыва Паўла Латушкі можа стаць паспяховай пры выкананні некалькіх умоваў. Па-першае, яму, як і Віктару Бабарыку, варта адмовіцца ад падыходу па перацягванні палітычнага актыву ўжо існых партый. Замест гэтага трэба весці працу з новымі актывістамі. Па-другое, новы палітычны праект не павінен займацца крытыкай канкурэнтаў па дэмакратычным лагеры і не ставіць пад сумнеў легітымнасць лідараў.

 

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ