У Грузіі не суціхаюць антыўрадавыя пратэсты



Кропкай адліку маштабных грузінскіх пратэстаў супраць цяперашняга кіраўніцтва краіны стаўся візіт расейскай дэлегацыі ў парламент Грузіі. Кіраўнік дзіўнага ўтварэння – Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя – Сяргей Гаўрылаў, які насамрэч з’яўляецца дэпутатам Дзярждумы РФ ад Камуністычнай партыі, падчас наведвання грузінскага парламента заняў крэсла спікера і спрабаваў весці пасяджэнне на рускай мове. Абурэнне апазіцыйных дэпутатаў бестактоўнымі паводзінамі расейскага госця перадалося вуліцы. За лічаныя гадзіны атмасфера ў Тбілісі накалілася. Каля 10 тысяч чалавек сабраліся на пратэст супраць “прысутнасці ў парламенце акупанта”. Некалькі сотняў чалавек у выніку масавых закалотаў нават уварваліся ў будынак парламента. Паліцыя адказала на акцыю звышжорсткімі сілавымі метадамі. Дзясяткі чалавек былі параненыя, двое пратэстоўцаў страцілі вочы ад трапляння гумавых куляў. Абсалютна прагназавана, што гэтая акцыя перарасла ў дэманстрацыю незадаволенасці неаімперыялістычнымі памкненнямі Крамля. А расейская дэлегацыя, убачыўшы рашучы настрой пратэстоўцаў, хутка рэціравалася з краіны.

У адказ на “несяброўскія” паводзіны грузінаў Расея ўвяла шэраг санкцый, у тым ліку забарону на прамыя авіяспалучэнні з 7 ліпеня. Пазней “Рассельгаснагляд” абвясціў інфармацыю пра грузінскае віно, якое раптоўна стала няякасным. Разлік ініцыятараў санкцый быў даволі просты. На сёння Расея з’яўляецца адным з асноўных інвестараў у грузінскую эканоміку. Расейскія турысты пакідаюць многа грошай падчас наведвання гэтай каўказскай краіны. А грузінскае віно займае 17% ад аб’ёма імпартнага віна ў РФ. Адпаведна, расейскія кропкавыя санкцыі павінны ўдарыць па чуллівых галінах грузінскай гаспадаркі. Аднак, нягледзячы на гэта, грузіны працягваюць пратэставаць. І штодня на вуліцах Тбілісі раздаюцца ўсё больш катэгарычныя лозунгі, самыя карэктныя з якіх – гэта патрабаванне дэакупацыі 20% грузінскай тэрыторыі, страчанай у жніўні 2008 года.

Вяртаючыся да пытання першапрычыны грузінскіх пратэстаў, зразумела, адныя паводзіны расейскага дэпутата наўрад ці маглі б запусціць механізм масавых пратэстаў. Грузінскае грамадства стамілася ад сітуацыі, калі ўся ўлада фактычна засяроджаная ў руках прарасейскага алігарха Бідзіны Іванішвілі. Таксама зразумелае здзіўленне гасцінных каўказцаў тым, што расейскія грамадзяне актыўна набываюць нерухомасць, вінныя заводы і харчовыя прадпрыемствы з такім выглядам, што неба расейска-грузінскіх адносінаў заўжды было бясхмарным. Апрача гэтага, у апошнія гады Расея нарошчвае сваю медыйную прысутнасць у інфармацыйнай прасторы Грузіі. Усе гэтыя фактары, зразумела, рана ці позна павінны былі прывесці да выбуху, што, нарэшце, і здарылася.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ