Ва Украіне выспявае супрацьстаянне паміж галінамі ўлады



Свайму фенаменальнаму поспеху падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў шоумэн Уладзімір Зяленскі ў значнай ступені абавязаны серыялу “Слуга Народу”, у якім за пару год да старту выбараў раскручвалася асоба будучага прэзідэнта. Некаторыя ўкраінскія інтэлектуалы кшталту пісьменніцы Аксаны Забужкі лічаць выкарыстанне магчымасцяў тэлевізійнага серыялу для раскруткі палітычных лідараў новым словам у выбарчых тэхналогіях, якія дазваляюць маніпуляваць думкай большасці. Варта дадаць, што серыял “Слуга народу” не толькі папулярызаваў патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, але даносіў да грамадскасці месыдж пра “нікчэмнасць Вярхоўнай Рады”. А ў адным з эпізодаў другога сезону серыяла ўвогуле дайшло да сцэны расстрэлу “прэзідэнтам” “дэпутатаў-нягоднікаў”, якія нічым карысным не займаюцца, толькі дбаюць пра свае мандаты. Гэтая сцэна, дарэчы, была ўспрынятая часткай украінскага соцыюма на “ўра”.

І вось пасля прэзідэнцкіх выбараў, на якіх новы прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, набраў каля 75 % галасоў барацьба паміж выканаўчай уладай і заканадаўчай увайшла ў стадыю “клінча”. Яшчэ фактычна не стаўшы прэзідэнтам, Зяленскі агучыў некалькі ўльтыматумаў дэпутатам. За апошні тыдзень каманда новага лідара выпусціла два агрэсіўныя відэаролікі, у якіх культывуюцца ўсё тыя ж думкі пра малы ўзровень даверу грамадзян да парламенту, гаворыцца пра патрэбу ў новых тварах, насаджаецца меркаванне пра тое, што дэпутаты толькі дбаюць пра свае кішэні.

Фірмовым стылем Уладзіміра Зяленскага сталі відэазвароты з ультыматумамі сваім палітычным апанентам. Калі падчас выбараў атакаваўся прэзідэнт Пятро Парашэнка, то цяпер галоўнай мішэнню стала Вярхоўная Рада. У апошнім роліку Уладзімір Зяленскі гаворыць пра тое, што “Парашэнка робіць незваротнае, прапіхвае на пасады сваіх людзей”. Гэта відавочнае імкненне ўвесці ў зман, паколькі Пятро Парашэнка дагэтуль мае паўнамоцтвы на падобныя рашэнні. Адпаведна, ніякага парушэння заканадаўства няма. “Вы павінны 19-га траўня прызначыць інаўгурацыю”, — раздражнёным голасам патрабуе ад дэпутатаў Уладзімір Зяленскі. Разам з тым, гэтае патрабаванне ніякім чынам не падмацаванае законамі. Дэпутаты Вярхоўнай Рады могуць прызначыць інаўгурацыю цягам 30 дзён з моманту абрання. Самым апошнім днём, на які можа быць прызначаная гэтая падзея, з’яўляецца 28 траўня. Чаму ж Уладзімір Зяленскі так настойліва дамагаецца прызначэння даты інаўгурацыі на 19-га траўня? Адказ на гэтае пытанне даволі просты. Калі ён зойме прэзідэнцкае крэсла да 27-га траўня, то, паводле ўкраінскага заканадаўства, узнікае магчымасць для роспуска парламента. Калі ж інаўгурацыя пройдзе 28-га, то Зяленскаму давядзецца цярпець цяперашні склад Рады (амаль палова кантралюецца Пятром Парашэнкам) да кастрычніка 2019 года. А за гэтыя месяцы народная любоў і вера ў магічныя здольнасці новаабранага прэзідэнта, які росчыркамі пяра вырашыць кучу сістэмных праблем Украіны, могуць аслабнуць. А гэта значыць, што ў наступныя выбары парламента, які мае рэальныя паўнамоцтвы (гэта не марыянеткавая Палата прадстаўнікоў Беларусі), можа здарыцца рэванш палітычных прыхільнікаў Пятра Парашэнкі. Адсюль і нервовая рэакцыя каманды Зяленскага на працу парламента.

Варта зазначыць, што Уладзімір Зяленскі робіць вялікія памылкі на першых кроках свайго кіравання. Ён трапіў у пастку ілюзіі вялікай народнай падтрымкі, якая выяўляецца ў лічбе 75%. Але рэальнасць украінскай палітыкі такая, што менавіта 25% пасіянарыяў і інтэлектуальнай эліты, якія ў асноўным падтрымліваюць Пятра Парашэнку, вызначаюць курс дзяржавы. Без кансэнсусу з гэтай часткай грамадства, якая цэментуе ўкраінскую палітычную нацыю, эфектыўнае кіраванне немагчыма ў прынцыпе. Калі Уладзімір Зяленскі ў бліжэйшы час не пачне весці перамовы з парламентам і апанентамі, гэта выльецца ў маштабнае супрацьстаянне з далейшым паралюшам выканаўчай улады.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ