Вугорска-ўкраінскае супрацьстаянне



Адносіны паміж Будапештам і Кіевам нельга назваць бясхмарнымі. З боку венгерскіх палітыкаў правага накірунку даволі часта гучаць тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў дачыненні да шэрагу раёнаў Закарпацкай вобласці Украіны. Рэвізіянісцкія погляды вугорскія нацыяналісты абгрунтоўваюць сваёй версіяй гісторыі рэгіёна і наяўнасцю ірэдэнты. Каля 150 тысяч грамадзян Украіны вугорскага паходжання пражываюць кампактна ўздоўж мяжы з Венгрыяй. Калі казаць пра гісторыю, то сапраўды амаль 1 тысячу год землі Закарпацця знаходзіліся “пад мадзьярамі”. Разам з тым, калі паглядзець на вынікі апошніх перапісаў, то ў цяперашні момант абсалютную большасць складае менавіта ўкраінскае насельніцтва. Украінцаў у гэтай прыпамежнай вобласці – каля 80%. І толькі ў некаторых раёнах, пераважна ў сельскай мясцовасці, нязначна пераважае вугорскае насельніцтва. З пачатку 1990-х гадоў узмацняецца тэндэнцыя на змяншэнне долі вугорцаў на Закарпацці. Гэта адбываецца ў выніку натуральнага змяншэння насельніцтва. Апроч таго, вугорская моладзь масава абірае сцяжыну працоўнай міграцыі ў краінах ЕЗ.

Прэтэкстам для высылкі вугорскага консула з Украіны стала відэа, якое таемным чынам было знятае супрацоўнікамі ўкраінскіх спецслужб у будынку кансулята ў горадзе Берагавое Закарпацкай вобласці. На відэа – кадры, на якіх вугорскі дыпламат інструктуе грамадзян Украіны, якія атрымалі вугорскі пашпарт. Консул раіць ім не надта афішаваць наяўнасць другога вугорскага грамадзянства. Фактычна, гаворка ідзе пра практыку незаконнай раздачы вугорскіх пашпартоў прадстаўнікам гэтай нацыянальнай меншасці ва Украіне. Шэф украінскага МЗС Павел Клімкін абсалютна справядліва наракае, што вугорскія дыпламаты парушаюць базавыя прынцыпы венскай канвенцыі, згодна якой дзейнасць супрацоўнікаў дыпламатычнай пляцоўкі не павінна супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству краіны-гаспадара. Справа ў тым, што ва Украіне існуе забарона на падвойнае грамадзянства. Кіраўнік вугорскага МЗС Піцер Сіярта ў адказ на дзеянні Кіева назваў рашэнне аб выдварэнні консула “несяброўскім крокам”, які дыктуецца бягучай палітычнай сітуацыяй ва Украіне.

Абвастрэнне міждзяржаўных адносін паміж Будапештам і Кіевам адбылося яшчэ ў 2014 годзе, калі пострэвалюцыйная Україна сутыкнулася з агрэсіяй з боку Расіі. У той жа год урад венгерскага кансерватара Віктара Орбана запатрабаваў ад Кіева стварэння аўтаноміі для вугорскай меншасці на Закарпацці. У 2017 годзе вугорцы вуснамі міністра МЗС крытыкавалі прыняцце ва Украіне новага Закону “Аб адукацыі”, які павялічваў ролю ўкраінскай мовы ў школах, але не ўлічваў правы вугорскай меншасці. Нечакана рэзка на гэты закон адрэагавалі ўлады Венгрыі, якія вырашылі блакаваць усе інтэграцыйныя імкненні Украіны ў бок ЕЗ і NATO. “Мы можам гарантаваць, што гэта (прыняцце Закона “Аб адукацыі”) балюча ўдарыць па будучыні Украіны”, — пагражаў шэф МЗС Венгрыі Піцер Сіярта.

Калі пачытаць прэтэнзіі кіраўнікоў Венгрыі ў дачыненні да Украіны, то складваецца ўражанне, што ўсе іх дзеянні абгрунтаваныя выключна клопатам пра дабрабыт вугорскай нацыянальнай меншасці. Але пры дэталёвым разглядзе аказваецца, што за рыторыкай аб суродзічах хаваецца цалкам сабе меркантыльны інтарэс. Паводле дадзеных партала geopolitika.ru, з года ў год назіраецца рост узаемнага гандлёвага абароту паміж Венгрыяй і Расіяй (з 25% за 2017 год да 30% за першае паўгоддзе 2018 года). Узаемныя інвестыцыі складаюць каля мільярда долараў ЗША. Імпарт расійскага газу ў Венгрыю складае каля 57% ад патрэбаў, нафты – да 89%. Улічваючы гэтую статыстыку, а таксама прыязную знешнюю палітыку Будапешта ў дачыненні да Масквы, цалкам зразумела, чаму Віктара Орбана называюць “сябрам Пуціна”, а ягоную краіну – “траянскім канём” РФ у ЕЗ.

 

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ