Заўчаснае пахаванне беларускай незалежнасці



Па меры набліжэння даты падпісання дарожных картаў паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі ў беларускім палітыкуме ўздымаецца градус дыскусій. Унутры апазіцыйна настроенага грамадства сфармаваліся некалькі асяродкаў, якія прапаноўваюць свае рэцэпты супрацьстаяння гіпатэтычнаму аншлюсу.

Сустаршыня БХД Павал Севярынец узяў на сябе адказнасць запрасіць людзей на Кастрычніцкую плошчу напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і РФ 7 снежня. Ягоную прапанову падзялае Рух салідарнасці “Разам”. Грамадская ініцыятыва “Свежы вецер”, якая заявіла пра сябе пару месяцаў таму, не спяшаецца аказваць падтрымку закліку Паўла Севярынца. Лідары “Свежага ветру” разглядаюць варыянты з правядзеннем акцый пратэсту супраць інтэграцыі ў фармаце “жывога ланцуга” паводле ўзору знакамітай акцыі, якую правялі некалькі мільёнаў жыхароў трох Балтыйскіх дзяржаваў 30 гадоў таму. Але збольшага, калі паспрабаваць прааналізаваць настроі ў незалежным грамадстве, то беспадстаўна дамінуюць панічныя рэакцыі. Некаторыя блогеры тыражуюць свае страхі, хтосьці выхваляецца наяўнасцю іншага грамадзянства. У цэлым гэтыя публікацыі не нясуць канструктыўнага характару, яшчэ больш дэзарыентуюць беларусаў.

Разам з тым, калі паспрабаваць спакойна і аб’ектыўна падысці да пытання ацэнкі небяспекі суверэнітэту Беларусі, дапускаючы пры гэтым, што ў палітыцы афіцыйных Менска і Масквы шмат ірацыянальнага, сітуацыя не выглядае настолькі безнадзейнай. Па-першае, панікёры не ўлічваюць здольнасці беларускага грамадства да супраціву. Пры ўсім скептычным стаўленні да беларускай сацыялогіі цяжка не пагадзіцца з думкай Сяргея Нікалюка, які пастаянна гаворыць пра тое, што „залаты электарат” апазіцыі – стабільна каля 30% насельніцтва. Нават паловы ад гэтай лічбы хопіць, каб спыніць любога агрэсара. А колькасць прыхільнікаў незалежнасці, безумоўна, большая, чым апазіцыянераў.

Па-другое, калі падыходзіць да аналізу сітуацыі выключна з эканамічнага гледзішча, то не маюць рацыі тыя, хто сцвярджае, што Крэмль загнаў у кут цяперашнія ўлады, шантажуючы іх недаатрыманнем прыбыткаў ад перапродажу расейскіх вуглевадародаў. Паводле разлікаў эксперта Аляксея Харкевіча, сукупныя страты ад расейскага падатковага манеўра – усяго 6% ад ВУП Беларусі. Пагадзіцеся, суверэнітэт каштуе намнога даражэй, чым нават 60% ад ВУП. Думаецца, усе гэтыя рэчы разумеюць не толькі прыхільнікі незалежнасці, але і кіраўніцтва краіны.

Па-трэцяе, беларуская палітычная стабільнасць – надзвычай крохкая канструкцыя. У апошнія гады, асабліва пасля спробы рэалізаваць так званы Дэкрэт “Аб дармаедах” у 2017 годзе, улады перманентна знаходзяцца ў стане крызіса легітымнасці. Цяперашняя палітычная сістэма трымаецца не столькі на падтрымцы грамадзянаў і на сілавых структурах, колькі на пасіўнасці апанентаў, якія не вераць у свае сілы і разумеюць небяспекі ад разгойдвання сітуацыі. Адпаведна, паспешлівае рашэнне, якое можа істотна змяніць правілы гульні ўнутры краіны, можа выклікаць “эфект даміно”. У якасці ілюстрацыі можна прыгадаць нядаўні ўкраінскі досвед. Віктар Януковіч зляцеў са свайго прэзідэнцтва не толькі праз сваю абмежаванасць і зладзеяватасць – гэтыя якасці якраз украінцы, магчыма, цярпелі б і дагэтуль. Ягоная кар’ера імгненна завяршылася, бо ён падмануў чаканні людзей. Украінцаў гадамі напампоўвалі рыторыкай пра еўрапейскі выбар, таму рэзкі геапалітычны разварот справакаваў Майдан. А цяпер уявіце, што ўлады Беларусі прыкладна з 2004 года, пачынаючы з кампаніі «За Беларусь», накручваюць грамадства тым, што незалежнасць – гэта каштоўнасць. Чым гэта скончыцца, калі рэзка памяняецца «праграма дзеянняў», мяркую, надта тлумачыць не трэба.

Вядома, адказным грамадзянам Беларусі не трэба супакойваць сябе, спадзеючыся выключна на ласку цяперашніх уладаў. Разам з тым, панікёрства – не лепшы варыянт для тых, хто выступае ў падтрымку незалежнасці. Можа быць, калі ўважліва прыглядзецца, насамрэч нас настолькі многа, што для ўсіх гэта стане вялікім сюрпрызам.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ