Здрада ці перамога?



У бліжэйшыя дні ў Кіеве пройдзе некалькі прэс-канферэнцый з удзелам былых вязняў Крамля, якія выйшлі на свабоду ў выніку абмену палоннымі, што адбыўся па ініцыятыве ўкраінскага боку. Сярод вызваленых украінскіх грамадзянаў – маракі, якія спрабавалі прайсці праз Керчанскую пратоку восенню 2018 года, актывісты праўкраінскага руху з Крыма, рэжысёр Алег Сянцоў, анархіст Аляксандр Кольчанка і іншыя вядомыя персоны. Дзеля вызвалення гэтых людзей Україна гадамі прыкладала шмат высілкаў на дыпламатычным фронце, імкнулася выкарыстаць розныя формы ціску на кіраўніцтва РФ. І вось 35 украінскіх грамадзян вярнуліся з турмы. У абмен у Расею выправілася роўна такая ж колькасць асобаў, якія сядзелі ва ўкраінскіх турмах паводле абвінавачанняў у дзяржаўнай здрадзе альбо за ўдзел у дзейнасці незаконных узброеных фармаванняў.

Сярод найбольш топавых персонаў, якіх давялося выдаць Расеі, каб здзелка адбылася – былы рэдактар прарасейскага “РИА Новости-Украина” Кірыл Вышынскі, у сейфе якога пры затрыманні былі знойдзеныя ўзнагароды ад расейскіх уладаў за анексію Крыма і пашпарт грамадзяніна РФ. Для следчых з некалькіх дзяржаваў свету, аднак, выклікае цікавасць персона Уладзіміра Цэмаха – вайскоўца з ДНР, якога падазраюць у датычнасці да збіцця малазійскага Боінга ў 2014 годзе. Выглядае на тое, што Крэмль асабліва настойваў на выдачы менавіта гэтага чалавека, паколькі ўсе папярэднія гады прапановы на абмен палоннымі разбіваліся аб глухі мур. І толькі пасля аперацыі ўкраінскіх спецслужб, якія даставілі Цэмаха на тэрыторыю Украіны, сітуацыя зрушылася з мёртвай кропкі. Зрэшты, не толькі асоба Цэмаха стала падставай для правядзення абмену. У сістэме расейскай улады, калі дзяржавай кіруе выхадзец з сілавых структур, кіраўніку дзяржавы смерці падобна ісці на саступкі. Менавіта псіхалагічны чыннік, калі Украіну ўзначальваў “ястраб” Пятро Парашэнка, з’яўляўся вельмі істотнай перашкодай для таго, каб выявіць палітычную волю да абмена. Са зменай улады, калі прэзідэнцкае крэсла заняў “міралюбны” і не абцяжараны вайсковай рыторыкай Уладзімір Зяленскі, ягонаму крамлёўскаму візаві было прасцей пайсці на абмен.

Не трэба скідваць з рахункаў таксама аб’ектыўны момант стомленасці расейскай дзяржаўнай машыны, якая вось ужо пяць гадоў прабуксоўвае пад цяжарам еўрапейскіх і амерыканскіх санкцый. Ізаляцыю дзяржавы, якая пачалася пасля анексіі Крыма, усё цяжэй прыпадносіць у вачах расейскіх грамадзянаў выключна як беспадстаўную помсту падступнага Захада. Невыпадкова Расея пагадзілася на абмен палоннымі менавіта пасля прапановаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб магчымасці вяртання ў клуб вялікіх дзяржаваў G7.

Абмен палоннымі жыва абмяркоўваецца ва ўкраінскім грамадстве. Прыхільнікі цяперашняй улады лічаць гэтую падзею безумоўным поспехам Уладзіміра Зяленскага, які яшчэ ў перадвыбарчы перыяд шмат надаваў увагі вызваленню ўкраінцаў з расейскіх турмаў. А паплечнікі былога прэзідэнта Пятра Парашэнкі таксама вітаюць выхад вязняў на волю. Праўда, з агаворкай, што падобныя акцыі не павінны стаць шырмай для здачы пазіцый Украіны на міжнародным узроўні і для капітуляцыі перад агрэсарам.

Зрэшты, на гэты момант абмен вязнямі пры ўсім жаданні цяжка інтэрпрэтаваць як паразу Украіны. Дастаткова паглядзець відэакадры сустрэчы ўкраінскіх палонных, якіх сустракала эмацыйная група падтрымкі з родных, журналістаў і прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Вяртанне расейскіх палонных, наадварот, выглядала вельмі сціплым, без лішняй інфармацыйнай шуміхі і без прысутнасці высокапастаўленых персон. То бок, калі б Расея адчувала сваю перамогу ў гэтым пытанні, то, без сумневу, яе спрактыкаваныя прапагандысцкія СМІ спекулявалі б на тэме напоўніцу, чаго мы не назіраем цяпер. Выглядае ўсё ж, што Крэмль пайшоў на гэты крок змушана, што гаворыць пра выніковасць палітыкі ціску на РФ, што ажыццяўлялася апошнія гады.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ