Змаганне з нецвярозымі кіроўцамі



Трагедыя ў Белаазёрску, у выніку якой загінулі пяцёра чалавек, у тым ліку трое дзяцей, чарговы раз актуалізавала праблему нецвярозых кіроўцаў. За стырном пазадарожніка знаходзіўся чалавек, у якога пры выдыханні зафіксавалі 1,4 праміле этылавага спірту. Для гэтай стадыі ап’янення характэрныя адсутнасць раўнавагі, затуманены зрок, праблемы з перасоўваннем і маўленнем, здольнасць да прыняцця рашэнняў надта парушаная. Відаць, усе гэтыя наступствы цяжкага ап’янення паўплывалі на кіроўцу, які на хуткасці да 90 км у гадзіну літаральна ўляцеў у тэхнічны канал, не паспеўшы павярнуць на дарозе. У самой машыне на момант ДТЗ знаходзілася 10 чалавек, двое – у багажніку. То бок, вінаватым у аварыі, відавочна, з’яўляецца нецвярозы кіроўца. Але і да дарослых пасажыраў, якія не пабаяліся ехаць з неадэкватам у аўто, ёсць пытанні. Няма сумневу, што гэты няшчасны выпадак паўплывае на ўзмацненне адказнасці за язду ў нецвярозым стане. Ужо нават вядома папярэдне, як будуць караць безадказных кіроўцаў у бліжэйшай будучыні.

Паводле паведамленняў начальніка ДАІ Дзмітрыя Карзюка, якія прагучалі ў эфіры аднаго дзяржаўнага тэлеканала 5 ліпеня, у Беларусі будзе ўведзеная новая сістэма штрафаў за п’янае кіраванне, калі сума спагнання будзе залежыць ад аб’ёму выпітага. Штрафаваць будуць, пачынаючы ад 0,3 праміле ў крыві. У гэтым выпадку штраф складзе 100 базавых велічыняў і будзе суправаджацца пазбаўленнем правоў на 3 гады. Пры ап’яненні ад 0,8 праміле штраф будзе павялічаны ўдвая з пазбаўленнем правоў на 5 гадоў на кіраванне ТС. Калі кіроўца будзе спынены інспектарамі цягам аднаго году двойчы, то прадугледжана канфіскацыя аўтамабіля.

Трэба зазначыць, што Беларусь у змаганні з нецвярозымі кіроўцамі прадказальна ідзе па шляху ўзмацнення адказнасці. Зрэшты, нам ёсць куды расці. У сусветным рэйтынгу пакаранняў за кіраванне “пад шафэ” мы знаходзімся дзесьці пасярэдзіне. Меры, якія спрабуе прымаць беларуская дзяржава, выглядаюць досыць стрыманымі на фоне, напрыклад, Кітая, дзе за аварыю з удзелам нецвярозага кіроўцы, якая пацягнула за сабой гібель людзей, прадугледжанае нават смяротнае пакаранне. Калі ж параўноўваць з суседзямі (Літвой, Польшчай, Расеяй), то падыходы да змагання з “п’янай яздой” прыблізна аднолькавыя – за апошнія гады ва ўсіх пералічаных краінах адказнасць за п’янае кіраванне ўзмацнілася. І гэта не дзіўна, бо менавіта краінам нашага рэгіёну належыць сумнае лідарства па спажыванні алкаголю на душу насельніцтва.

Антыалкагольныя захады ДАІ, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, прыносяць плён. Вось ужо некалькі гадоў запар у нас стабільна зніжаецца колькасць кіроўцаў, затрыманых за кіраванне ў нецвярозым стане. Выглядае на тое, што ўзмацненне адказнасці ўсё-такі паўплывала на большасць адэкватных аўтамабілістаў. Разам з тым, нават увядзенне самых жорсткіх відаў пакарання не гарантуе нам абсалютнага вырашэння праблемы. Перакананы, што нават у Кітаі, дзе п’янаму кіроўцы пагражае расстрэл, усё роўна знаходзяцца ўнікумы, якія могуць сабе дазволіць кульнуць чарку-другую перад паездкай. У такім разе, як здаецца, дзяржаве ўсё-такі варта звярнуць увагу не толькі на забойцаў за стырном, але і на патэнцыйных ахвяраў, якія часта даверліва сядаюць у аўтамабіль да выпівохі. Магчыма, белаазёрскі выпадак падштурхне ДАІ правесці сацыяльную акцыю кшталту “Ніколі не сядаю да п’янага кіроўцы”.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ