Зрухі і спекуляцыі вакол справы Шарамета



Забойства Паўла Шарамета стала сапраўдным шокам для беларускай журналісцкай супольнасці. Асабліва цяжка было ўсведамляць, што гібель аднаго з найбольш аўтарытэтных журналістаў здарылася ва Украіне, якая, у адрозненне ад Беларусі, пазіцыянавала сябе бастыёнам дэмакратыі і свабоды слова. Сапраўды, у суседняй дзяржаве да і пасля Майдану магчымасцяў і ўмоваў для працы журналістаў было куды больш, чым у большасці постсавецкіх краінаў. Калі ў Беларусі падчас працы на розных мерапрыемствах часта даводзіцца хітрыць, каб не патрапіць пад раздачу праваахоўнікаў, то ва Украіне да нядаўняга часу наяўнасць журналісцкага пасведчання дзейнічала на паліцыянтаў як ладан на чорта. У гэтым сэнсе дэманстрацыйнае забойства паспяховага журналіста і тэлевядоўцы ў цэнтры Кіева і пры наяўнасці мноства сведак наштурхоўвала на змрочныя развагі. Не надавала аптымізму і млявая рэакцыя ўкраінскіх уладаў, якія ў асобе папярэдняга прэзідэнта Пятра Парашэнкі называлі расследаванне замаху “справай гонару”. Але фактычна для расследавання гучнага забойства рабілася яўна недастаткова. Прынамсі, такое складвалася ўражанне, калі ўкраінская дзяржава, маючы ў распараджэнні магутны апарат следчых і сілавікоў, так і не выйшла не сляды імаверных забойцаў беларускага журналіста.

І вось прыйшла сенсацыйная навіна з Кіева. Выданне “Украінская праўда” са спасылкай на свае крыніцы паведамляе пра затрыманне імавернага выканаўцы забойства Паўла Шарамета. Паводле інфармацыі ўкраінскіх журналістаў, затрыманы следчымі Уладзіслаў Грышчанка (пазыўны “Буча”) можа быць датычным да выбуху аўтамабіля, на якім Павел Шарамет перамяшчаўся на працу 20 ліпеня. У СМІ фігуруе таксама імя і прозвішча жонкі затрыманага Іны. Абодва – добраахвотнікі АТО, ваявалі ў складзе фармавання “Правы сектар”. У артыкуле гаворыцца пра тое, што сужэнцаў падазраюць у замаху на забойства і незаконным абыходжанні са зброяй. Справа, у якой яны фігуруюць, была адкрытая ў ліпені 2018 года і па сваіх абставінах нагадвае схему забойства Паўла Шарамета. Аўтары матэрыяла звяртаюць увагу яшчэ на тую акалічнасць, што ў апублікаваных пасля выбуху аўтамабіля Шарамета фігуруюць дзве асобы (мужчына і жанчына),  якія заклалі выбуховае прыстасаванне пад крэсла кіроўцы. І сямейная пара Грышчанкаў дужа падобная на забойцаў. Іна Грышчанка заяўляе, што яе мужа даставілі для аператыўна-следчых мерапрыемстваў у Кіеў, “бо будуць шыць справу Шарамета”.

Заўважым, што з’яўленню інфармацыі пра магчымы след у забойстве Паўла Шарамета папярэднічалі выказванні новага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Ён за апошнія тыдні некалькі разоў анансаваў зрухі ў гучнай справе, але выказваўся ў рэчышчы “не хачу гаварыць падрабязнасці, каб не нашкодзіць”. І вось, здаецца, справа зварушылася з месца. У якасці патэнцыйнага абвінавачанага – ідэальны кандыдат: чалавек са зладзейскім мінулым (яго судзілі 7 разоў за хуліганства, крадзяжы і рабаўніцтвы), які гаворыць са зброяй на “ты”. Але ва ўсёй гэтай гісторыі засмучае адно: Уладзіслаў Грышчанка, нягледзячы на сумнеўную біяграфію, мае ўсё-такі заслугі перад Украінай. Ён пайшоў на фронт добраахвотнікам, удзельнічаў у абароне Данецкага аэрапорта. На фоне палітычнага крызіса ва Украіне, калі новыя ўлады адмяняюць парады ўдзельнікаў АТО і не выказваюць належнай павагі да ветэранаў, абвінавачанне Уладзіслава Грышчанкі ў забойстве Паўла Шарамета выклікае сама меней недавер. Не хацелася б, каб трагедыю Паўла Шарамета выкарысталі для звядзення рахункаў з палітычнымі апанентамі.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ