Звычайныя беларускія выбары



Выбарчая «вакханалія», як назваў сёлетнюю кампанію па выбарах у парламент кіраўнік беларускай дзяржавы, набліжаецца да завяршэння. Кандыдаты ў дэпутаты і сябры іх ініцыятыўных групаў праводзяць фінальныя пікеты на вуліцах гарадоў, распаўсюджваюць агітацыйную прадукцыю і звяртаюцца да грамадзянаў праз усе магчымыя каналы камунікацыі.

Нягледзячы на апатыю насельніцтва, якую канстатуюць незалежныя назіральнікі і дэмакратычныя кандыдаты, улады ўсё адно нервова рэагуюць на “разгул дэмакратыі”. Першымі ластаўкамі заканчэння “свята непаслушэнства” сталі выпадкі нерэгістрацыі некалькіх моцных кандыдатаў, за якімі замацаваўся імідж “народных абаронцаў”. Гаворка ідзе пра сацыяльных актывістаў і блогераў, што спалучаюць абарону правоў чалавека з досыць плённай і паспяховай працай па інфармаванні насельніцтва. Наступнай прыкметай вяртання да звычайнай практыкі стрымлівання грамадзянскай актыўнасці сталі кейсы з цэнзураваннем зваротаў апазіцыйных кандыдатаў на дзяржаўных СМІ. Падставай для забароны трансляцыі выступаў з’яўляліся, як правіла, малаўцямныя фармулёўкі ў “распальванні сацыяльнай варожасці”. Пазней па розных падставах былі выведзеныя з гульні найбольш папулярныя і раскручаныя дэмакратычныя кандыдаты, якіх знялі з выбарчай гонкі яшчэ падчас агітацыі. У апошнія дні некалькі актывістаў, пазбаўленых раней кандыдацкага статуса, заяўляюць пра прэсінг з боку пракуратуры, якая папярэджвае пра адказнасць за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Словам, з боку ўладаў прымаюцца крокі, якія адназначна будуць негатыўна ўспрынятыя заходнімі інстытуцыямі. Калі так пойдзе далей, то нават фармулёўкі АБСЕ будуць досыць несуцяшальныя для афіцыйнага Менска. І ў гэтым звязку можна канстатаваць, што Беларусь набліжаецца зноў да сітуацыі, як у 2010 годзе, калі пасля непрацяглага перыяда лібералізацыі, брутальны разгон плошчы і сумнеўныя вынікі выбараў перакрэслілі ўсе пазітыўныя пачынанні, а кантакты з Захадам былі зведзеныя да мінімума.

Улады апынуліся ў незайздроснай сітуацыі, калі любое дзеянне для іх вядзе да негатыўных наступстваў. Пайсці на дэмакратызацыю выбарчага працэсу яны не могуць па відавочных прычынах, таму што нават пры мінімальных паслабленнях у Палаце прадстаўнікоў, без сумневу, апынуцца сама меней некалькі апазіцыянераў. А як паказвае гісторыя фракцыі БНФ пачатку 1990-х гадоў, нават горстка ідэйных дэпутатаў можа зрабіць шмат. Цяперашняя канструкцыя ўлады проста не вытрымае ўзмацнення ролі парламента, у выніку чаго пабудаваная аўтарытарная сістэма “пойдзе ў разнос”. З іншага боку, рэпрэсіўны падыход, да якога ўлада часта звярталася ў папярэднія выбарчыя кампаніі, таксама становіцца ўсё менш апраўданым, у першую чаргу, з гледзішча рэакцыі заходніх партнёраў. Ва ўмовах, калі Крэмль усё больш сціскае саюзніцкія абдымкі, Менску не надта хочацца руйнаваць тое, што дасягнулі за апошнія гады “на заходнім фронце” беларускія дыпламаты. Аднак, як бы ні былі важнымі для ўладаў дасягненні ў знешняй палітыцы, няма сумневу, што прыярытэтам для іх па-ранейшаму застаецца абсалютны кантроль над грамадствам. Адпаведна, у выпадку мінімальнай пагрозы ўлады з лёгкасцю адкінуць у бок маску рэжыма, які гатовы паступова эвалюцыянавацца ў бок дэмакратыі.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ