“Зялёнае святло” для “Слугі народа”



На першы погляд, здаецца, у рашэнні тэлевізійных начальнікаў адносна дэманстрацыі ўкраінскага серыяла “Слуга народа” ёсць пэўная доля рызыкі, паколькі прагляд можа падштурхнуць гледача да думкі, што ўлада ўсё-такі павінна мяняцца. А раз так, то і гаварыць пра сакральную прыроду прэзідэнцтва не выпадае. Пасада прэзідэнта — гэта ўсяго толькі сервіс, на што нібыта ненавязліва намякае назва серыяла. Але не ўсё так проста. Сам тэрмін “слуга народа” мае даволі неадназначную канатацыю. Украінскія інтэлектуалы звяртаюць увагу на тое, што “слуга народа” – гэта сталінскі мем, які гучаў на так званым з’ездзе пераможцаў у 1937 годзе. Пісьменніца Аксана Забужка ў сваіх развагах наконт паходжання панятка пайшла яшчэ далей, знайшоўшы ў першым царкоўнаславянска-ўкраінскім слоўніку Павмы Бярынды, датаваным 1627 годам, наступнае азначэнне: мучыцель і кат. То бок, ніякай прывязкі да канцэпцыі адказнага служэння лідара свайму народу. Зразумела, распрацоўшчыкі сцэнара забаўляльнага серыяла наўрад ці настолькі глыбока пагружаліся ў семантыку панятка, але без усялякага сумневу, калі адкінуць усе домыслы, серыял “Слуга народу” – гэта паліттэхналогія новага пакалення.

Фенаменальны поспех падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў шоумэна Уладзіміра Зяленскага ў значнай ступені абумоўлены менавіта серыялам “Слуга народу”, у якім за пару год да старту прэзідэнцкіх выбараў раскручвалася асоба будучага прэзідэнта. Згодна немудрагелістаму сюжэту фільма, сціплы настаўнік гісторыі Галабародзька неяк эмацыйна выказваўся пра рэаліі ўкраінскай палітыкі, што таемна знялі на мабільны ягоныя вучні і выклалі ў інтэрнэт. Ролік з выступам зрабіў з нікому невядомага педагога папулярнага палітыка, якога неўзабаве абралі прэзідэнтам.

Навошта беларускім уладам дэманстраваць серыял, які нібыта не мае прамога дачынення да нашых рэалій? Адказаў тут можа быць некалькі. Па-першае, закупка права на трансляцыю папулярнага серыяла можа быць абумоўленая натуральным жаданнем падвысіць канкурэнтаздольнасць дзяржаўных тэлеканалаў, што, у сваю чаргу, паспрыяе інфармацыйная бяспецы. Па-другое, калі ўважліва прааналізаваць кантэнт серыяла, то ніякай вялікай пагрозы беларускаму рэжыму ад яго няма. Наадварот, у фільме папулярызуюцца мадэлі паводзінаў кіраўніка дзяржавы, якія і так уласцівыя Аляксандру Лукашэнку. Гаворка ідзе пра выразна персаналісцкі стыль кіравання дзяржавай, схільнасць вырашаць пытанні кулуарнымі метадамі і папулізм. Варта дадаць, што серыял “Слуга народу” не толькі папулярызаваў патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, але даносіў да грамадскасці месыдж пра “нікчэмнасць Вярхоўнай Рады”. А ў адным з эпізодаў другога сезону серыяла ўвогуле дайшло да сцэны расстрэлу “прэзідэнтам” “дэпутатаў-нягоднікаў”, якія нічым карысным не займаюцца, толькі дбаюць пра свае мандаты. Гэтая сцэна, дарэчы, была ўспрынятая часткай украінскага соцыюма на “ўра”. Так што, выдуманы прэзідэнт Галабародзька – гэта зусім не антыпод Аляксандра Лукашэнкі, а ягоная галаграма, толькі з папраўкай на маладосць.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ