1990 год: музей і кола чытання Багдановіча  



У 1990 годзе ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ўжо працавала мая сяброўка Алена Кісялевіч, я заходзіла да яе вечарамі.

Я пакуль яшчэ не працавала – пачала працу ў кастрычніку. У музеі  працавалі ў дзве змены, другая змена да 22-23 гадзінаў вечара.

Экспазіцыя рабілася, музей рыхтаваўся да адкрыцця. На экспазіцыі працавалі мастакі, і трэба было, каб з навуковых супрацоўніц нехта быў.

Навуковыя супрацоўнікі дзяжурылі ў другую змену. Праца вечарамі ў асноўным фондавая – актаваліся экспанаты. Рабілі апісанне рэчаў, лістоў, кніг – агульны выгляд, памеры.  Запісвалася гэта ўсё ў дзве вялікія светла-зялёныя кнігі – НД і КП. НД – дапаможны фонд (не першай важнасці экспанаты) і КП – асноўны фонд  (вельмі важныя экспанаты, эксклюзіў).

Прыходзіла я да Алены, калі было ўжо цёмна за вокнамі. Першыя восеньскія халады. Алена ў пакоі на другім паверсе – дзе пасля размясцілся фонды.

У 1990 годзе гэта быў адзін вялікі пакой, у якім адначасова працавалі ўсе супрацоўнікі музея, фонды былі ўнізе – а зверху кабінет дырэктара, пакой сакратаркі перад ім, фонды – на першым паверсе.

У 1991 годзе ўсё змянілася – адчынілася экспазіцыя, і адпаведна гэтаму адбыліся змены.

Кабінет дырэктара пераехаў ўніз, фонды ўверх, а экскурсійна-масавы аддзел у былы кабінет дырэктара, а сакратарка засталася зверху. Першы пакой каля службовага ўваходу заняла рэдакцыя газеты “Свабода”, якая арэндавала памяшканне ў музеі.

А восенню 1990-га я прыходзіла да Алены на другі паверх.

Стары ўтульны будынак на Траецкім прадмесці.

Цёмны пакой з кнгамі.

Настольная лямпа.

Кола святла.

Гэтая мяжа святла і цемры будзе заварожваць мяне падчас працы ў музеі ўсе гады.

Праца, пры якую можна толькі марыць.

Кнігі.

Дарэвалюцыйныя кнігі ў скураных пераплётах з золатам – кнігі з “кола чытання  Максіма Багдановіча”.

 “Кола чытання Максма Багдановіча” – пад гэта азначэнне падыходзіла ўся еўрапейская класіка 19-пачатку 20 стагоддзя.

Дзякуючы “колу чытання Максіма Багдановіча” было выратавана шмат кніг ў абменных фондаў – былі такія бясконцыя кнігасховішчы на прасторах СССР.

У лютым 1991 года мы з Аленай былі у такім у Маскве – вільготнае, халоднае памяшканне –  былая царква, дзе на бясконцых паліцах шмат дарэвалюцыйных кніг. Іх можна было адбіраць, выпісваць, а пасля іх дасылалі ў музей. Галоўнае было давесці, што кніга патрэбная для музея і абгрунтаваць, навошта.   

Апошнія гады існавання СССР. Замежныя мовы мала хто ведаў. І шыкоўныя выданні на французскай, нямецкай, ангельскай мовах проста спісваліся і знішчаліся, нават у музеях і бібліятэках. 

У музеі Максіма Багдановіча захоўваліся п’есы Генрыка Ібсена, Кнут Гамсун “Голад”, Сенека, часопісы “Русское богатство”.

Кнігі і часопісы, аформленыя ў стылі мадэрн, як і быў аформлены адзіны прыжыццёвы зборнік верша Максіма Багдановіча “Вянок”.

Частка кніг пайшла на паліцы ў першай залі музею – “Пачатак жыцця. “У зачараваным царстве”, частка засталася ў фондах.

У музеі быў час і была магчымасць чытаць старыя выданні. Так прыемна чытаць выданні таго не нашага, далёкага часу без марксісцка-ленінскай метадалогіі, без цытавання класікаў марксізма-ленінізма ў прадмовах

Яшчэ неадчынены для наведвальнікаў музей поўніўся незвычайнымі водарамі – старых кніг і свежых лакаў і фарбаў), рэчамі ў стылі мадэрн і кнігамі канца 19-пачатку 20-г стагоддзяў.

 

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ