Ад “Тутэйшых” да турмы



Праваабаронца, былы палітвязень,  літаратар Алесь Бяляцкі ў зняволенні вывучаў лёсы рэпрэсаваных беларускіх пісьменнікаў. Пра гэта ён паведамляў у адным са сваіх лістоў з калоніі. Алесь Бяляцкі: «Я зараз захапіўся Барысам Мікулічам і апошнія два тыдні перад Новым годам і ўжо два тыдні пасля Новага года (2014) займаюся распляценьнем заблытаных нітак ягонага лёсу і характару». А таксама: «У “Новым часе” прачытаў артыкул Сяргея Чыгрына да стагодзьдзя Тодара Лебяды, і прыемна мяне здзівіла ягоная жонка Бася Цыпіна, якая сьмела і адважна, з рызыкаю для сваёй свабоды заступалася за яго і здолела выцягнуць усіх іх (Лебяду, Сяднёва ды інш.) на перасуд, дзе іх засьпела вайна. Дзякуючы ёй яны не згінулі ў лагерах і напісалі што-кольвек вартае». У 1987–1989 гадах Алесь Бяляцкі старшыня Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Пра ролю «Тутэйшых» Алесь Бяляцкі піша ў лісце з калоніі ад 6 снежня 2013 года: «“Тутэйшыя” ўзніклі ды існавалі ў вельмі шчыльнай звязцы з тагачасным беларускім рухам. Мы былі натуральнай часткай руху і не існавалі ў ізаляцыі. І сувязі гэтыя былі ў сотнях гаворак, сустрэчаў, кантактаў, сумесных імпрэзах. І ў гэтым яшчэ грамадская і нацыятворчая роля Тутэйшых — яны кшталтаваліся самі і нацыянальна, і духоўна кшталтавалі іншых — закладалі тыя ідэі, якія вырашаюцца і ніяк не вырашацца апошнія чвэрць стагоддзя ».(6 снежня 2013 года, Бабруйск, ІК-2)

Як супрацьвагу камуністычай і савецкай ідэалогіі ўдзельнікі нацыянальна арыентаваных моладзевых суполак прапаноўвалі новую беларускую ідэнтычнасць ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі, заснаваную на шанаванні беларускай мовы, гісторыі і культуры. «Напачатку 80-х прыйшло новае пакаленьне, — сьцьвярджае Алесь Бяляцкі. — Тыя, хто быў перад намі, нарадзіліся ці адразу пасьля вайны, ці яшчэ перад вайною, ці падчас вайны, — пакаленьне Пазьняка. Гэта былі дзеці вайны, і яшчэ, можна сказаць, — дзеці сталінскіх рэпрэсій. Гэта моцна паўплывала на тое асяродздзе, у якім яны выхоўваліся. Нашае пакаленне зусім іншае, гэта пакаленьне дзяцей, якія ніколі не галадалі. Усе, хто хацеў, мелі магчымасьць атрымаць адукацыю — хто хацеў, той вучыўся, нягледзячы на свой сацыяльны статус. Але нам ужо мала было толькі матэрыяльнага дабрабыту…»

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ