Алег Алкаеў: Жывуць яны ў страху



Пра справу зніклых палітыкаў Алег Алкаевў распавядаў актывістам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, цалкам тэкст можна прачытаць ў кнізе “Смяротнае пакаранне ў Беларусі” http://spring96.org/files/book/be/2015-death-penalty-belarus-be.pdf.

Алег Алкаеў: “Я віны за сабой не адчуваю. На мяне няма крымінальнай справы. Злачынстваў ніякіх не здзяйсняў. Хабару не браў. Трохпавярховай дачы не маю. Я і цяпер магу вярнуцца. І нават не ведаю, што будзе рабіць нашая міліцыя з пракуратурай. Мяне пасадзіць вельмі складана – няма  за што, і адразу ўзнікне тэма – за што пасадзілі? Яны робяць выгляд, што яны не чыталі КНІГУ (маецца на ўвазе “Расстрэльная каманда”). Яе трэба прачытаць, а калі прачытаць, то падрыхтаваць вялізную лаву падсудных. Можа быць, і я на яе сяду, але ўсё адно – у самым канцы. А там ужо такая лава вырасце… Ужо за гэты час павялічыўся колькасны склад асобаў якія маюць дачыненне да дадзеных злачынстваў. – чалавек на 50, які мінімум, – гэта тыя службовыя асобы, якія ў сілу свайго становішча, былі абавязаныя і абавязаныя сёння раскрываць злачынствы, але не робяць гэтага. Ёсць у Крымінальным Кодэксе артыкул “службовыя злчынствы”, дзе ўсё распісана: службовая асоба, якая не выконве свае абавязкі, з’яўляецца злачынцам. Гэта тычыца ўсіх – ад прэзідэнта, да следчага. Прыйшоў на працу – у цябе недзе ў сейфе ляжыць нераскрытая справа.

Усе ведаюць, што зніклы Захаранка – не зніклы, а забіты, выкрадзены Завадскі, выкрадзеныя Ганчар і Красоўскі. Ёсць кола падазраваных – працуйце з ім.  Постаці гэтыя вызначаныя і акрэсленыя даўно. Але ім ад мяне лягчэй пазбавіцца, каб мяне не было, чым са мною сустракацца. Таму што гэтыя пытанні я, вядома, буду задаваць, а каму гэта трэба? Нікому. Магу стварыць праблемы. Прыеду ў Мінск, сяду насупраць МУСу, буду чакаць арышту…. Ёсць такі варыянт, бо я ўскосны саўдзельнік, Са зброі, прынятай у мяне, забітыя людзі. Так. Вінаваты, даў не падумаўшы зброю, а з яе людзей забілі. Ёсць мая віна – кропку адліку можна такую паставіць.    

– У чым неабходнасць была выкарыстоўваць менавіта гэты пісталет для па-за судовай кары?

– Мне гэтае пытанне задавалі.І не аднойчы.  Задавалі ў тым ліку і сваякі зніклых. Згодны, што, каб забіць чалавека непатрэбны адмысловы пісталет – можна і палкай, і нажом і чым заўгодна –  і рукамі,  і вядро вады нават у рот можна заліць. Тут пісталет набывае, хутчэй за ўсё,  рытуальнае значэнне. Менавіта рытуальнае. Патрэбная пампезнасць ва ўсім: што чалавека не проста забіваюць, а караюць. Зброя як маральнае апраўданне для выканаўцы. Усё ж такі чарвяк сумнення тачыў. Яны разумелі, што эта незаконна. Не думаю, што яны зусім “адмарожаныя” людзі. Таму – маё такое тлумачэнне. Не таму, што ён ціха страляе. Такой зброі – дастаткова. Ды і ў тых умовах, калі ўсё гэта здзяйснялася, пра шум асабліва не турбаваліся. Таму маё такое тлумачэнне – чаму менавіта гэты пісталет. Мне гэтае пытанне не тое, што здавалі. Увесь час гучаў як бы папрок, мне: быццам бы Алкаеў з пісталетам «нафантазіраваў». А менавіта выдача гэтай зброі дазволіла мне зрабіць высновы пра існаванне сакрэтнай группы, якая для нейкай мэты яго карыстоўвала. А потым супаставіў даты, асобы ды іншыя абставіны, я прыйшоў да высновы, што пісталет быў скарыстаны ў мэтах забойства нашых апазіцыйных палітыкаў.  Я ў кнізе пра гэта пісаў.  Цяпер гэтая версія ў мяне больш глыбока распрацаваная. Калі бы сёння мне нехта даў часу суткі, усё было бы цалкам раскрыта. Чыста на тэхнічнае афармленне запрасіў бы аднаго, другога і працэс бы пайшоў. І праз суткі можна было бы прад’яўляць абвінавачанне ўсёй групе выканаўцаў, а заадно і тых, хто пакрываў.  Сёння я гатовы гэта зрабіць. Але не гатовае кіраўніцтва нашай дзяржавы. Я, дарэчы, звяртаўся да іх з гэтай нагоды. Звяртаўся. Але я не палітык. Не імкнуся да ўлады, я паставіў сабе задачу дакапацца да праўды ў гэтых злачынствах і мне ўдалося шмат зрабіць. Шмат хто просіць апублікаваць, я ўжо апякаўся на гэтым, бо толку няма – сенсцыя пабулькае два-тры дні на тэлебачанні, а пасля недзе хмарачос рухне, і ўсё забудзецца. Таму кожны радок пойдзе чыста ў справу. Але я не трымаю свае ідэі ў сакрэце. Мая зброя, што я ўсё раблю галосна. У мяне ёсць ідэі, я дару іх усім. Змагацца са злачыннасцю пакуль дазваляецца – любому грамадзяніну. дазваляецца ўзяць за вуха злачынцу і весці яго ў пракуратуру ці міліцыю: вось забойца, аформіце, калі ласка, на яго дакументы. Тут няма сакрэтаў. Мае дзеянні абсалютна адкрытыя. Чакаць ад іх яўкі з павіннай, мы не дачакаемся, хаця яны гатовыя да гэтага, залежыць, хто і як спытае. Жывуць яны ў страху. Гэта я дакладна ведаю. Так што, з майго боку ўсё падрыхтавана”.

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ