Апошняе жытло паэта



У 1917 годзе ў лютым-траўні – апошняе падарожжа Максіма Багдановіча ў Крым. Ялта, дом №8 па вуліцы Мікалаеўскай.

Адам Багдановіч, бацька паэта,  так распавядаў пра апошняе жытло сына:

– Пакой быў даволі вялікі, светлы, меў выгляд на мора, на другім паверсе, з асобнай лесвіцай і абсалютна ізаляваны: хоць крычы, хоць грукачы – ніхто не пачуе (гаспадыня жыла ўнізе) і не дапаможа. Найлепшае месца, каб паміраць у адзіноце.

У апошнія дні Максім Багдановіч пераглядаў вершы са зборніка “Вянок”, працаваў над новым беларускім лемантаром, які так і не выйшаў. Менавіта ў Ялце напісаны верш, які лічыцца апошнім вершам Максіма Багдановіча “У краіне светлай…”.       

Максім Багдановіч памёр ад сухотаў удалечыні ад Радзімы – у Ялце. З абставінамі смерці і месцам пахавання паэта звязаны таямніцы, як, і з усім нядоўгім жыццём паэта. Пахаваны паэт быў паводле праваслаўнага абраду з удзелам святара i псаломшчыка – пра гэта сведчыць знойдзеная ў 1990 годзе супрацоўнiцай ялцiнскага гiсторыка-лiтаратурнага музея Зінаідай Лiвiцкай метрычная кнiга сабора Аляксандра Неўскага з запiсам пра смерць Максiма Багдановiча.  

 У “Матэрыялах да бiяграфii Максiма” (1923 г.) бацька паэта, Адам Багдановіч, пiсаў так: – Памёр ён 25(12) мая 1917 года, але я паведамленне пра гэта атрымаў на 4-ы дзень пасля яго смерцi. Ён не даў гаспадынi майго адрасу, не жадаючы мяне трывожыць. Пасля яго смерцi яна знайшла мой яраслаўскi адрас i тэлеграфавала па гэтым адрасе, а пакуль прыйшла тэлеграма з Яраслаўля (бацька паэта знаходзiўся ў службовай камандзiроўцы ў Сiмферопалi аўт.), быў ужо чацвёрты дзень. Я адразу на аўтамабiлi накiраваўся ў Ялту. Але ён быў ужо пахаваны.  Пахавалi яго на Ялцiнскiх могiлках, што недалёка ад Мiкалаеўскай вулiцы ў накiрунку гор, на самым ускрайку могiлак ля дарогi з супрацьлеглага мору боку, г.зн. з боку гор. У галаве пастаўлены белы крыж з надпiсам на бляшанай таблiчцы яго iмя (студэнт Максiм Адамавiч Багдановiч) i калi ён памёр. У дзвюх сажанях па прамой лiнii ад галавы пахаваны студэнт Карысан. Паведамляю, як некаторую прыкмету.

 Але ў той жа час бацька паэта адзначаў: “Месца абрана надзвычай няўдала: лiўнi i патокi з крутога схiлу лёгка маглi размыць магiлу. Я наняў вартаўнiка, каб магiлу ўмацаваць i ўпарадкаваць, пакiнуў грошы гаспадынi, каб пасадзiць кiпарысы i куст ружаў, прасiў сачыць за гэтым двух знаёмых, у тым лiку i дачку майго саслужыўцы, асабiстую знаёмую Максiма, але цi зроблена гэта – не ведаю. Праз некалькi дзён я паехаў з Крыму. Двойчы я пiсаў з Яраслаўля знаёмым, але не атрымаў адказу: вядома, як дзейнiчала ў гэты час пошта, ды i людзям было не да чужых магiл”.

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ