Арэлі лёсу



Распавяду гарадскую гісторыю пра камяніцы і людзей.

У Воршы быў доктар, і быў у яго двухпавярховы дом каля млына. У доктара была маладая жонка Паліна Антонаўна.

У 70-я гады Паліна Антонаўна хадзіла да маёй бабулі у госці, яна дарыла мне дарэвалюцыйныя цацкі,  сярод якіх апынуўся абсалютна геніяльны МІшка, набіты апілкамі. Вельмі вялікі і цяжкі. Мы з сяброўкамі апраналі яго ў мае дзіцячыя апраткі – паўзуны, сукенкі, нагавіцы. Ён быў вельмі падобны на дзіця. Лапы ў яго можна было прыводзіць у любы стан – ён мог і сядзець, і стаяць.

Аднойчы, бліжэй да восені, калі Паліна Антонаўна, была у гасцях прыйшлі да нас два мужчыны пілаваць дровы. А яна пазнала іх і сказала, што падчас акупацыі яны мелі папулярную кавярню ў цэнтры – у доме, дзе цяпер гарадскі музей.

І дом доктара цэлы – там цяпер аддзел адукацыі.

А Паліна Антонаўна пахаваная на старых могілках на Энгельса.

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ