Брылі



Ехалі на поле Аршанскай бітвы (Крапівеньскае поле) на аўтобусе “Ворша-Дуброўна”. Каб трапіць на поле трэба выйсці на прыпынку – паварот на Гацькаўшчына, а перад гэтым прыпынкі – Брылі і Крапіўна.

У аўтобусе “Ворша-Дуброўна” перад намі сядзелі – жанчына гадоў 60 і хлопчык з яркім школьным ранцам. Хлопчык уголас чытаў назвы ўсіх прыпынкаў.

– “Брылі”… Бабушка, а что такое “Брылі»?

– Брылі?… Брыль – это старинное слово, твой прадедушка носил брыль.

Цікавы адказ. Слова старое. А што такое “брыль”, як і дзе яго насіў прадзед хлопчыка – не патлумачыла. Быццам бы і так зразумела, што – брыль – гэта брыль. Старажытная назва, якая называе прадмет, якога ўжо няма. І насіў яго чалавек, якога ўжо няма.

Хлопчык працягваў чытаць назвы прыпынкаў:

– Кра-піЎ-на, – амаль выкрыкваў ён назву наступнага прыпынку, вылучаючы “Ў”, – Крапіўна – это по-беларуски?

Бабуля не адказвала, глядзела у вакно з тварам каменным, напружана-задуменным. Такі выраз твару бывае на прыёме ў псіхатэрапеўта, калі доктар нарэшце задае пытанне, якое закранае балючы момант з мінулага, які не хочацца чапаць. Траўматычны момант.

Старыя словы. Словы з мінулага. Недзе там, у мінулым – засталося жыццё, дзе мужчыны хадзілі ў брылях. Там быў свой побыт і прадметы побыту, адзенне – і усё гэта мела свае назвы – не расейскія. Іншы свет, іншы погляд на свет. Іншыя рэчы, іншыя словы.

Напрыклад, брылі ці Брылі – з вялікай літары –назва вёскі.

Аўтобус ехаў уздоўж поля Аршанскай бітвы. Сёлета – 500 год Аршанскай бітвы, – да наступнага юбілею – ніхто з нас не дажыве – факт. Як адсвяткавалі юбілей? Як здолелі адсвяткаваць, так і адсвяткавалі.

І вось вёска Брылі. Мала хто ведае, але 6-га верасні 2014 года ў Брылях адбыўся невялікі Фэст бардаўскай песні, прысвечаны Аршанскай бітве. Фэст зусім невялікі – удзельнікаў разам са слухачамі было 16 чалавек. Кажуць, што ў свой час бардаўская песня дапамагла разваліць СССР, але час той мінуў…

– Кра-піЎ-на! Па-беларуску? Па-беларуску? – звініць пытанне ва ўсім аўтобусе. І цішыня ў адказ. Маўчала бабуля. Маўчалі і астатнія пасажыры… Хто яго ведае, што ў нас па-беларуску, а што – не?

У красавіку гэтага году ў Вільні мне давялося пагаварыць з Хуанам – псіхатэрапеўтам з Парыжу. Хуан працуе з людзьмі – ахвярамі катаванняў, ўзброеных канфіктаў і войнаў. Хуан казаў пра тое, што траўма разрывае не толькі жыццё чалавека, але і яго асобу на дзве паловы – на тое, што было да траўмы і тое, што атрымался пасля. І для таго, каб вярнуць чалавека да жыцця і да самога сябе – трэба аб’яднаць гэтыя дзве часткі асобы. Спачатку пракласці паміж імі сляды, а пасля – уз’яднаць часткі разарванага. А пасля можна атрымаць супакой, упэўненасць, раўнавагу ды здольнасць самому выбіраць дарогі, па якіх рухацца.

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ