Джокер



Паглядзелі фільм „Джокер” у Воршы ў кінатэатры „Победа”.

Больш за фільм уразілі папярэджанні перад паказам.

Першае – пра забарону фота, аўдыё і відэаздымкаў „в рамках российского законодательства”.

Другое –  пра тое, што ў фільме  ёсць небяспечныя „сцены курения”.

Дакладна: свет звар’яцеў!

Прыходзіш у кіназалу з мяккімі плюшавымі фатэлямі, святло выключаецца,  па экране плывуць надпісы пра Расею і пра жахлівы выгляд чалавека з цыгарэтай. 

Што можна падумаць?

Па-першае,  што мы ўжо ў Расеі.

А па-другое, што сцэны курэння – страшней за сцэны псіхалагічнага і фізічнага гвалту і горш за забойствы. 

І добры сябра распавёў у працяг: 

„Аднойчы непадалёк ад мяне ў кінатэатры сядзела кампанія і рабіла фоткі. Без бліскавіцы, так што нікому не заміналі. Адзін чалавек у кампаніі кажа: Напісана ж, фоткаць нельга. Той, хто фоткае: гэта ж у РФ, а мы ў Беларусі, так што мне по+уй на іх. Вось так. А ўвогуле гэта яскравы знак – трэба агучваць фільмы ў Беларусі. І на беларускай нашай мове. Хочаш усе фільмы па-расейску глядзець – інтэрнэт у тэлефоне, кінатэатры Пярмі, Масквы, Хабараўска заўсёды адчыненыя, купіць квіткі туды-назад можна на сайце rw.by альбо ў касе”.

Абурацца – дарэмная справа.

У Маскве ў кінатэатры „Салавей”  фільм „Джокер” завяршыўся пад апладысменты публікі.

А для тых, хто не бачыў, фінал такі – галоўны герой сыходзіць па калідоры псіхіятрычнай лякарні, пакідаючы за сабой крывавыя сляды на белай падлозе. 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ