Форма смяротніка



Вольга Грунова, маці расстралянага за забойства сваёй знаёмай Аляксандра Грунова, атрымала па пошце турэмную робу сына і абутак, у якім ён знаходзіўся ў камеры смяротнікаў. Усё гэта было даслана пасылкай „Да запатрабавання”.

Форма смяротніка складаецца з двух прадметаў – блакітна-шэрага колеру курткі і такіх самых нагавіц. На куртцы напісаныя белай фарбай няроўныя літары „ИМН” – выключная мера пакарання.

Гэта другі вядомы факт, калі форма смяротніка (не асабістая рэч, а выдадзеная дзяржавай), дасылаецца сваякам. І ёсць пытанне: хто прыдумаў высылаць жудасныя пасылкі?

З атрыманнем пасылкі Вольга Грунова зразумела, што прысуд у адносінах яе сына выкананы. Паводле арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, “Смяротнае пакаранне выконваецца непублічна шляхам расстрэлу. Цела для пахавання не выдаецца, аб месцы пахавання не паведамляецца”..

Хутчэй за ўсё, перад тым, як выслаць, форму пралі, але яна захоўвае пах турмы, пах смерці. Вопратка з дня ў дзень на целе смяротніка ўпітвала страх і чаканне расстрэлу. Асуджаныя да апошняга не ведаюць час выканання прысуду. Іх дні і ночы праходзяць у чаканні непазбежнага, у прыслухоўванні да крокаў на калідоры. Слых і адчуванні за гэты час абвастраюцца неверагодна.

Момант, калі злачынца ператвараецца ў ахвяру – вельмі тонкі. Прыхільнікі смяротнага пакарання кажуць, што менавіта ў такім пераўтварэнні і ёсць сэнс смяротнага пакарання.

У красавіку 2011 году падчас здымкаў фільму “Убыл по приговору” мы былі Берліне ў былога кіраўніка расстрэльнай каманды Алега Алкаева. Калі здымкі скончыліся, наш аператар, які маўчаў падчас інтэрв’ю сказаў, што хоча задаць сваё пытанне. Пытанне было такое: “У якім з мастацкіх фільмаў найбольш дакладна паказана смяротнае пакаранне. Можа быць у фільме “Катынь”?” У адказ Алег Алкаеў параіў паглядзець фільм “Чэкіст” і патлумачыў, што менавіта там перададзены псіхалагічны складнік смяротнага пакарання і той атмасферы, якая ўзнікае вакол працэдуры выканання смяротнага прысуду.

Хто не глядзеў і каму цікава, можа паглядзець фільм – ён даступны ў інтэрнеце.

Прыхільнікі смяротнага пакарання абвінавачваюць актывістаў супраць смяротнага пакарання ў тым, што тыя быццам бы “абараняюць злачынцаў” і не думаюць пра ахвяр злачынстваў.

Шмат разоў даводзілася чуць падобныя папрокі і ў свой адрас. Але смяротнае пакаранне само па сабе – зло. Гэта яшчэ адно забойства, а выканаўца яго – яшчэ адзін забойца. І кожнае смяротнае пакаранне толькі павялічвае колькасць зла на Зямлі.

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ