Фотаздымкі апошняга лета Караткевіча



Летам 1984 года Уладзіміра Караткевіча шмат фатаграфаваў Валянцін Ждановіч, было гэта у ліпені падчас апошняга падарожжа па Прыпяці, а ў чэрвені Уладзімір Караткевіч фатаграфаваў сам – у Рагачове.

Пра гэта вядома з запісных кніжак Уладзімір Караткевіча, вельмі падрабязных, дэталёвых запісаў, які ён вёў аж да 18 ліпеня.  

Вось запіс зроблены ў чэрвені 1984 года ў Рагачове:

“Фатаграфаваў панадворак, але, пэўна, сапсуў плёнку. Паглядзім, што будзе”.

Паводле Андрэя Чарняўскага дзве стужкі, знятыя Караткевічам захаваліся і знаходзяцца ў Рагачоўскім музеі, ці перавялі іх ў лічбавы фармат – невядома. Ці “сапсуў” Караткевіч стужку – таямніца (прынамсі для мяне).

Запісы, зробленыя падчас апошняга падарожжа поўныя прадчуванняў і містычных карцін прыроды:  

“Сава вылецела да агню”.

“Затока вельмі рыбная, б’е і б’е рыба – аж срэбныя цэпы плотак лятуць у паветра. Затока з лілеямі, якія закрываюцца на ноч, вялікія-вялікія, як на кепскіх рэкламах. Упершыню бачылі вечарам у паветры гульні маладых чапляў, іх плаванне ў вячэрнім залатым паветры. Вечарам мне кепска… ледзь магу хадзіць”.

І яшчэ сцэна, звязаная з фатаграфаваннем:

 „Вербы на пясчаным узгорку. На гэтыя вербы вечарам села такая чарада маладых шпакоў, якой мне дагэтуль не даводзілася бачыць. Спачатку яны доўга і ўпарта ганялі над берагам, дзе мы спыніліся (луг, балотцы, зарасці вярбоўніку), вялізнага коршака. Міла было, з якім гвалтам, як упарта і ў канцы з якім трыумфам. Пасля пацягнуліся на начлег, а за імі зляталіся новыя, новыя, новыя. Валя папрасіў мяне, і я пайшоў пад высозныя вербы (не дужа, па вядомай прычыне, блізка і гукнуў). Неба пацямнела і пачарнела. Ён фатаграфаваў, але святла мала было — можа і не атрымаецца. Сонца сядала ў хмары”.

І шлюз, як партал у іншасвет;  

Зайшлі ў шлюз. А майстар пайшоў, і нас не спяшаюцца выпускаць. Ніводнага чалавека. Як прапускалі. Чаму пасярэдзіне шлюза (як Гулівер у басейне) — тырчаць крукі. Зачэпіш, і, пакуль адчэпішся – кранты. Адкрываецца брама шлюза. Як брама ў новы свет”.

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ