Галасы з камеры смяротнікаў



„Смерць для чалавека – нішто, бо, калі мы існуем, смерць яшчэ не прысутнічае, а калі смерць прысутнічае, тады мы не існуем”, – цытаваў Эпікура ў сваіх лістах з камеры смяротнікаў асуджаны да расстрэлу Андрэй Жук. 

Цытатамі з Эпікура ён суцяшаў сябе і дзяліўся са сваім сукамернікам, таксама асуджаным на смерць, Васілём Юзэпчуком – непісьменным прадстаўніком народа рома, які рэальна не ўмеў пісаць і з цяжкасцю чытаў. 

Васіля не суцяшаў Эпікур, падобна на тое, што ў гэтай фразе ён чуў толькі адно слова „смерць”.

Васіль затыкаў вушы і прасіў: „Не гавары мне пра гэта”. 

Заткнуць вушы было недастаткова, таму Васіль Юзэпчук пачынаў спяваць:

„А я сяду в кабриолет и уеду куда-нибудь”. Слова „кабриолет” было для яго чужым і незразумелым, таму ён прыдумаў новае слова „прыкалет”.

 „А я сяду в прыкалет, и уеду куда-нибудь”, – гучала ў камеры смяротнакаў у сутарэннях Валадаркі ў цэнтры Менска. 

Ніхто, апрача сукамерніка, асуджанага на смерць, і турэмшчыкаў не чуў тых словаў і спеваў.

Не ўсе ведаюць, што ў Беларусі існуе смяротнае пакаранне, што ў цэнтры Менску расстрэльваюць людзей. 

Гэтыя сцэны з жыцця ў камеры смяротнікаў у калідоры смерці, з якога няма выйсця, апісваў Андрэй Жук у сваіх лістах да каардынатаркі кампаніі Ірыны Тоўсцік у 2010 годзе, за месяц да расстрэлу.  

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ