Калі ў Беларусі адменяць смяротнае пакаранне?



З былым начальнікам  СІЗА №1 і кіраўніком расстрэльнай каманды Алегам Алкаевым мы гаварылі ў Берліне падчас здымкаў дакументальнага фільма „Убыл по приговору”.

Алег Алкаеў раскрыў сутнасць смяротнага пакарання ў гістарычнай перспектыве і рэтраспектыве, а таксама сказаў пра што будзе сведчыць адмена смяротнага пакарання ў Беларусі: 

„Я разумею, што ўлада, і ўлада дыктатарская, трымаецца менавіта на карнай сістэме. Гэта я добра ведаў, я дзеля гэтага і вучыўся ў свой час. І нам убівалі ў галаву, што асобы, якія здзейснілі злачынства, – ужо “ворагі народа” – не важна, якое злачынства, – ці каласок з поля ўзяў, ці банк абрабаваў. Народнае дабро ўзяў – значыць, “вораг народа”. Ніякай літасці, ніякіх кампрамісаў быць не можа. Гэтая ГУЛАГаўская схема перайшла і ў сучаснасць. І выкарчаваць гэта цяжка, тым больш што прапаганда. Але я крыху адышоў убок… Дык вось… Смяротнае пакаранне з’яўляецца гарантам бяспекі чыноўнікаў. У старым Крымінальным кодэксе, калі я яшчэ вучыўся, была адзіная абсалютна безальтэрнатыўная санкцыя – гэта пакаранне за забойства супрацоўніка міліцыі – толькі расстрэл. Ні 15 гадоў, нічога, толькі расстрэл. Усе астатнія злачынствы мелі альтэрнатыўныя санкцыі: альбо 15 гадоў, альбо расстрэл. А тут – толькі расстрэл. Гэта была гарантыя бяспекі супрацоўнікаў міліцыі. Таму сёння смяротнае пакаранне з’яўляецца такой гарантыяй бяспекі чыноўнікаў. У іх няма аховы, але на іх баку стаіць закон. І адмовіцца ад смяротнага пакарання яны не могуць, бо яны самі парушаюць законы і становяцца адкрытымі для помсты. Добра, што Беларусь – такая талерантная краіна, судовае бязмежжа адбіваецца толькі на эмацыйным узроўні. А калі недзе народ тэмпераментны, там “вока за вока, зуб за зуб”. Там шмат хто паплаціўся б, прынамсі, сваім здароўем. І калі некалі наступіць такі час, калі ўлада раптам выступіць з ініцыятывай адмены смяротнага пакарання, гэта сігнал да таго, што яна гатова саступіць уладу, каб самой не трапіць у гэтыя жорны”.

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ