Караткевіч і чорны „Опель”



27 кастрычніка 2020 года выйшла ў Воршы  на вуліцу імя Уладзіміра Караткевіча і спытала ў суседа Алега Салаўёва: „Ці бачыў ён жывога Караткевіча?”.

А ён кажа: „Ён мяне на чорным „Опелі” катаў. Напачатку 60-ых у гэтым доміку, дзе цяпер шыльдачка быў (і цяпер ёсць) гараж. А ў гаражы чорны „Опель”. І ён, Караткевіч, нармальны такі быў (паказаў высокі рост – П.С.), і мы набіваліся ў „опель”, як селядцы – дзеці з усё вуліцы і дзеці з бараку, які стаяў на гары. Ён катаў нас тут каля дома – да вуліцы Леніна і па Марата. Заўсёды частаваў пячэннем, цукеркамі. А пасля Караткевіч з’ехаў, „Опель” пастаяў яшчэ пару гадоў і таксама знік”.

Алег- своеасаблівы гісторык (ці міфатворца) вуліцы Караткевіча ў Воршы

Гісторыя выглядае, як казка-мара, як гарадская легенда.

Кажуць, што Караткевіч не мог кіраваць аўто, хаця ў аповедзе гаворка вядзецца пра вельмі невялікую адлегласць перад домам на паўпустой вуліцы пачатку 60-ых.  

Але на гісторыю пра чорны “опель “ і Уладзіміра Караткевіча адгукнуўся Аляксандр Куляеў, які жыў у той час ў Воршы і шмат ведае пра гісторыю штодзённасці горада:

“Пра чорны ‚Опель „магу дадаць наступнае: у Воршы сапраўды ў 1948 годзе з’явіўся раскошны „Опель-адмірал” чорнага колеру. Аршанскі ГК ЛКСМБ быў прызнаны лепшай арганізацыяй сярод камсамольскіх ў рэспубліцы, мой бацька быў у той час першым сакратаром гаркама камсамола і быў узнагароджаны ордэнам працоўнага Чырвонага Сцяга, а гаркам атрымаў чорнага “Опеля”. Як звычайна ў той час аўто было з гісторыяй. Казалі з гаража гаўляйтэра, у 44 на ім ездзіў (вазілі) П.Панамарэнку, потым перадалі сакратару ЦК ЛКСМБ, а ў 49 годзе ў Воршу. Да пачатку 60-ых гадоў аўтамабіль быў на балансе гаража гаркама партыі, затым быў спісаны і яго выкупіў кіроўца, які жыў дарэчы, у раёне Марата і здаецца даводзіўся Караткевічу нават сваяком. Так што вельмі верагодна, што ён катаў і Караткевіча і дзяцей. Потым машына змяніла некалькі ўладальнікаў. У канцы 70- ых яе купіў бацька маёй вучаніцы Валі Сопелевой. Там матор стаяў ужо ад газ 53, іншая скрынка, было шумна і хуткасць максімальная 120. Такі канец гістарычнай машыны”.

Мая мама, Ірына Бязручка, якая 1944 год нараджэння, і жыла на той жа вуліцы, якая цяпер мае імя Караткевіча, гаворыць, што гісторыя падобна на праўду: пасля вайны ў Воршы было вельмі шмат трафейных машын, а на пачатку 60-ых у горадзе стаялі ўжо рэшткі гэтых машын. Напрыклад, каля 1-ай школы, дзе была аўташкола стаяў доўга кузаў трафейнай машыны,

Дарэчы, адобная машына, дарэчы, апісана ў рамане „Леаніды не вернуцца да Зямлі” („Нельга забыць” – 1962 год), на ёй галоўны героя разам з нявестай Алёнкай і сваяком-палкоўнікам, які сядзіць на месцы кіроўцы, трапляе ў смяротную аварыю на шашы каля моста праз раку Бобр.

 

 

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ