“Каўбаса руская па-аршанску”



Беларуска-расейскае памежжа мае свае парадоксы. Ворша – апошні беларускі горад перад расейскаю мяжой. У аршанскіх крамах прадаецца “Каўбаса руская па-аршанску”. А па горадзе ездзяць маршруткі, у якіх адначасова можна пабачыць і лукашэнкаўскі чырвона-зялёны сцяг, і расейскі сцяг і сцяг Еўразвязу – ідэнтычнасць змешаная, разабрацца ў ей цяжка.

З аднаго боку – у піўбарах абмяркоўваюцца “нашы журналісты, затрыманыя ва Украіне” (маюцца на ўвазе журналісты НТВ). З ішага боку – устойлівае меркаванне, што як толькі пераедзеш беларускаю мяжу на расейскі бок, пачынаецца пустазелле, бруд, безгаспадарлівасць і натоўпы мігрантаў. А на “закупы” ездзяць на рынак у Смаленск.

Пра гэтыя парадоксы свядомасці ў 2011 годзе зняў дакументальны фільм “Пустазелле” рэжысёр з Беласточчыны – Мікола Ваўранюк.

“А вось і каўбаса – “руская, па-аршанску”, наша, пагранічная”, – гаворыць адна з гераіняў фільму падчас застолля.

Рэакцыі і словы падчас непрадказальныя.

Згадваецца 26 лістапада 2010 года ў Воршы – юбілейная імпрэза ля помніка Уладзіміра Караткевіча. Усё, як заўсёды. Халодна. Першы дробны снег. Перамінаюцца з нагі на нагу навучэнцы прафесійных коледжаў і школаў, мерзнуць на позне-восеньскім ветры настаўніцы. Самадзейныя акторы чытаюць вершы. Усе чакаюць, каб толькі хутчэй скончылася. І раптам выходзіць да помніка мастак Пушкін і кажа, што хоча зрабіць падарунак гораду. Дзве дзяўчыны, якіх мастак выбірае з публікі, – брунетка і бландынка дапамагаюць яму разгарнуць вялікую карціну. І тут – нечаканасць. На карціне – узаранае поле і гітара, перапавітая калючым дротам. Назва карціны “Поле Аршанскай бітвы”. Мастак гаворыць “Ганьба гарадскім ўладам, якія разганяюць фэст Аршанская бітва і хочуць засеяць поле кукурузай, каб там было немагчыма збірацца”. Публіка слухае, птвэшнікі здымаюць дзею на мабільнікі. На той раз абыходзіцца без затрыманняў.

Крапівенскае поле – мемарыяльны знак ды крыж, усталяваныя ў 90-ыя гады, ды Сцяжына Герояў, зробленая ў 2015 годзе. Ва ўсіх краінах мясціны, звязаныя з вялікімі гістарычнымі бітвамі, шануюцца. А Крапівенскае поле, якое магло бы спрыяць фармаванню нацыянальнай тоеснасці беларусаў, узаранае. Можа на ім прарасце нацыянальная свядомасць.

 

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ