Лісты без адказу



Пісьменнік-гуманіст Уладзімір Караленка (1853-1921) асуджаў бальшавіцкія рэпрэсіі і смяротнае пакаранне у лістах да наркама асветы Анатоля Луначарскага, якія напісаў у Палтаве ў 1920 годзе, перад сваёй смерцю.

Пісьменнік напісаў да Луначарскага шэсць лістоў, але ніводнага адказу не атрымаў.

 Луначарскі, калі адказваў у 1930 годзе на прапанову перавыдаць яго перапіску з Караленкам, заявіў: „Што тычыцца маёй перапіскі з Караленкам, то яе выдаць ніяк нельга. Бо перапіскі – не было”.

Лісты атрымалі распаўсюд у спісах, а ў 1922 годзе былі выдадзеныя ў Парыжы.

З ліста першага:

„Дзейнасць бальшавіцкіх Надзвычайных следчых камісій уяўляе прыклад, можа быць, адзіны ў гісторыі культурных народаў. Аднойчы, у мінулым годзе, мне давялося апісаць у лісце да Ракоўскага адзін эпізод, калі на вуліцы чэкісты расстралялі некалькі так званых контррэвалюцыянераў. Іх ужо вялі цёмнай ноччу на могілкі, дзе ставілі над адкрытай магілай і расстрэльвалі ў патыліцу без далёкіх цырымоній. Можа быць, яны сапраўды спрабавалі збегчы (і не дзіўна), і іх прыстрэлілі проста на вуліцы з ручных кулямётаў. Як бы там ні было, народ, які з’язджаўся раніцай на рынак, бачыў яшчэ лужыны крыві, якую лізалі сабакі”.         Гісторыя лістоў, пакінутых наркамам без адказу, такая: Анатоль Луначарскі прыехаў у Палтаву для сустрэчы з Уладзімірам Караленкам 7 чэрвеня 1920 году. На мітынгу ў гарадскім тэатры Караленка звярнуўся да яго з просьбай выратаваць пяцёх мясцовых жыхароў, асуджаных да расстрэлу. На наступную раніцу Караленка атрымаў запіску ад Луначарскага: „Дарагі , бясконца паважаны Уладзімір Галакціёнавіч. Мне жудасна балюча, што з заявай да мяне спазніліся. Я, вядома, зрабіў бы ўсё, каб выратаваць гэтых людзей дзеля Вас, – але ім ўжо нельга дапамагчы. Прысуд прыведзены ў выкананне яшчэ да майго прыезду. Шчыра Ваш Луначарскі”.

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ