Менск – родны горад Багдановіча



У Менску паэт нарадзіўся, і правёў першы год жыцця (1891-1892) – да пераезду сям’і ў Гародню.

У Менску паэт таксама правеў палову апошняга году жыцця (кастрычнік 1916 – люты 1917). 

Максім Багдановіч нарадзіўся ў доме на Траецкай гары па Аляксандраўскай вуліцы (цяпер вул. М.Багдановіча) у доме Каракозава, дзе месцілася тады 1-я прыходская вучэльня і настаўніцкая кватэра Адама Багдановіча. Дом стаяў  на тэрыторыі, якая цяпер апынулася у двары „дома Чыжа”. 

У кастрычніку 1916 году пасля заканчэння Яраслаўскага Дзямідаўскага ліцэя Максім Багдановіч прыязджае ў Менск, уладкоўваецца на працу сакратара ў Менскі аддзел «Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны». Гэтай працы прысвечаны Агляд працы за першы год Менскага аддзела Таварыства для помачы пацярпеўшым ад вайны» (упершыню надрукавана ў газеце «Дзянніца», 1916, № 4, 27 лістапада) — апошні прыжыццёвы артыкул  Максіма  Багдановіча ў беларускім друку. Дзейнасці Менскага аддзелу «Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны», таксама прысвечаны артыкул М. Багдановіча на рускай мове «Деятельность Минского Белорусского комитета», упершыню надрукаванага ў часопісе. «Украннская жнзнь» (1917, № 1-2).

У час апошняга прыезду ў Менск (кастрычнік 1916 – люты 1917) Максім Багдановіч жыве на кватэры ў Змітрака Бядулі па Малагеоргіеўскай вул. д.12 (цяпер завулак Рабкораўскі 19). Менавіта тут напісаны вершы “Страцім-лебедзь” і “Пагоня”, надрукаваныя ў газеце “Вольная Беларусь”, 1917, №32, 30 лістапада. “Нягледзячы на хваробу ён (Багдановіч) і далей працаваў не толькі днём, але і ноччу; працаваў у гарачцы, пры высокай тэмпературы ў 38-39. У такім стане, паводле сведчання А.Смоліча, быў ім напісаны ў часе службы верш “Пагоня”. Расказваючы пра гэта за абедам Аркадзю Смолічу, паэт дадаў “У гарачцы пішацца лёгка” (Творы М.Багдановіча. 1928.Т.2. С.LIIІ)

З успамінаў Змітрака Бядулі: “У вольны ад службы час ён сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, або дома і займаўся літаратурнай працай. Сядзеў пры керасінавай лямпе штодня да гадзін 3-4 ночы. Галоўным чынам ён студыяваў тэхніку вершаў”.   

 Менскі аддзел «Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны»  у снежні 1916 года хадайнічаў перад мінскім губернатарам аб правядзенні лекцыі Багдановіча „Беларускае адраджэнне”, але хадайніцтва было адхілена.

У 1916-1917 гг. Максім Багдановіч разам з Людвікай Сівіцкай (Зоськай Верас) і Аркадзем Смолічам працуе над чытанкай (хрэстаматыяй) для беларускай школы. Паводле ўспамінаў З. Верас “М.Багдановіч меў заняцца паэзіяй: падбіраць адпаведныя вершы з беларускай літаратуры, рабіць пераклады і, разумеецца, пісаць самому”. Праца гэтая не была скончаная. 

1917 год Максім Багдановіч сустракае ў Менску – у клубе беларускай інтэлігенцыі “Беларуская хатка” (на вул. Захар’еўскай – будынак не захаваўся). У канцы лютага 1917 года Максім Багдановіч ад’язджае ў Крым. Зоська Верас згадвала: “Пастанавілі на супольных нарадах, што (Багдановіч) паедзе ў Ялту. Здабылі грошы, прыгатавалі, што трэба на дарогу, і ў канцы лютага наступілі ад’едзіны. Мы ўсе хацелі ехаць правясці на вакзал, але Максім запратэставаў: “Пажагнаемся тут у Бел. Хатцы. Мне будзе цяжэй раставацца з Вамі ўсімі пры натоўпе чужых людзей. Жагналі мы яго са слязьмі на вачох, як бы прадчувалі, што жагнаем назаўсёды”.    

Памяць пра Максіма Багдановіча ўшанаваная ў родным горадзе. У 1991 годдзе ў Мінску з’явілася вуліца Максіма Багдановіча – былая вуліца Максіма Горкага была перайменаваная ў гонар Максіма Багдановіча. Да гэтага мела назву: Максіма Горкага (з 1963), Камунальная, Аляксандраўская, Траецкая, Віленская, Вялікая Барысаўская. Спрыяў перайменаваннюю вуліцы тагачасны дырэктар Музея Максіма Багдановіча ў Менску Алесь Бяляцкі, які на той час быў дэпутатам Менскага гарсавету. Рашэнне пра перайменаванне было падрыхтавана Менгарсаветам да святочнай вечарыны, якая адбывалася ў Тэатры оперы і балету з нагоды стагоддзя з дня нараджэння паэта.     

 

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ