Мы не абараняем забойцаў!



  • Смяротнае пакаранне – гэта, як санітарная вырубка леса, – гаварыў 9 кастрычніка на дыскусіі ў Слуцку прыхільнік смяротнага пакарання , – яна гарантуе, што вупыры не будуць жыць сярод нас, людзей, яна гарантуе супакой.

Так гаварыў бізнесовец сярэдняга веку, які адразу заявіў, што прынцыповы прыхільнік смяротнага пакарання, але разуемее, што ёсць людзі, якія думаюць інакш.

І ўсё ж – ён нікуды не сыйшоў – быў на праглядзе фільма і дыскусіі ад самага пачатку да канца.  

  • А калі вы даведаецеся, што ваш сусед прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды?, – адказаў яму іншы ўдзельнік дыскусіі, беларускамоўны. 
  • Я буду разумець, што ён выконвае сваю працу, ачышчае грамадства. Гэта праца. 
  • Але ж ён на гэтай працы становіцца забойцам. 

Гэта была адна з дыскусій ў рэгіёнах Беларусі, якія ладзіць кампанія „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”.

Традыцыйна на сустрэчы прыходзіць шмат людзей, дыскусіі захопліваюць, людзі доўга не разыходзяцца.

Тэма „Смяротнае пакарання „За” і „Супраць” – хвалюе людзей заўсёды, бо закранае падмурак  маралі, палягае ў эмацыйнай сферы, у развагах пра справядлівасць, закон, помсту, ролю дзяржавы ў прадухіленні злачынстваў. 

Кампанія „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” дзейнічае ў Беларусі з 2009 года. У наступным годзе адзначыць 10-гадовы юбілей.

Падчас дзейнасці актывістам кампаніі супраць смяротнага пакарання часта даводзіцца выслухоўваць папрок: „вы абараняеце забойцаў”.

Мы не абараняем забойцаў, мы абараняем правы чалавека, якія маюць універсальны характар. 

Мы за права на жыццё, за тое, каб вышэйшай мерай пакарання было пажыцёвае зняволенне, а не расстрэл.

Мы за то, каб ў Еўропе не было краінаў, дзе выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне. 

 А Беларусь –  апошняя краіна ў Еўропе, дзе прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды.   

„Забойства – гэта заўсёды забойства, нават, калі па законе”, – так гаварыў Алег Алкаеў, які ўдзельнічаў у выканнанні 130 смяротных прысудаў, а пасля яшчэ – 15.  

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ