Экскурсія па вуліцы Караткевіча



Вуліца Караткевіча  ў Воршы – на мяжы паміж рэальнасцю і светам твораў Караткевіча.

Вуліца адлюстраваная ў вершах Караткевіча і ў рамане “Леаніды не вернуцца да Зямлі” (“Нельга забыць”).    

На пачатку вуліцы на будынку былой канторы піўзавода – шыльда і гарэльеф з выявай пісьменніка –  з 1990 году.

Аўтар гарэльефа –  скульптар з Талачына Юры Палякоў.

Падчас экскурсіі гаворым пра тое, што было, ёсць, пра тое чаго няма, і пра тое, што існавала ва ўяўленні і адчуваннях Уладзіміра Караткевіча, а пасля і ў адчуваннях чытачоў.   

Вуліца Караткевіча – гістарычны цэнтр Воршы. Вуліца шмат разоў мяняла назву – у 19-ым стагоддзі была Паштовай, пасля пабудовы бровара – Піваваранай, у 20-ыя гады 20-га стагоддзя мела імя Усевалада Ігнатоўскага, пасля – Клімента Варашылава, падчас Другой Сусветнай вайны – зноў Півавараная – толькі па-нямецку, пасля вайны – зноў Варашылава, яшчэ пазней Касманаўтаў, а ўжо вуліцу Касманаўтаў перайменавалі ў вуліцу імя Уладзіміра Караткевіча.

 У вершы Уладзімір Караткевіч, як і ў рамане “Нельга забыць” дакладна апісвае вуліцу, дзе стаіць дом яго сям’і.

30 снежня 1961 года Уладзімір Караткевіч піша верш “Вуліца Касманаўтаў”

Вуліца Касманаўтаў збягае ў лагчыну з гары.

Вытокі яе — у горадзе, вусце яе — ў Дняпры.

Мы пройдзем ад вытокаў да вусця.

Да Другой сусветнай вайны на вуліцы было 26 дамоў.

Тут жыў да 1937 рэпрасаваны мастак Мікалай Жызнеўскі (вучань Шышкіна і Левітана – пейзажыст) і яго жонка настаўніца Марыя Іванаўна, рэпрасаваны настаўнік Лазоўскі, 30 евангелістаў, якія жылі ў вялікі доме і былі пакараныя вечнай ссылкай

У жніўні 1937 года на адной вуліцы, якая тады называлася Варашылава, было арыштавана 60 чалавек.

30 снежня 1961 года Уладзімір Караткевіч піша верш

У горадзе без тралейбусаў,

над імклівай нямоўчнай ракой,

На вуліцы Касманаўтаў — хата маці маёй,

На вуліцы Касманаўтаў, дзе ўлетку бубняць чмялі,

На самай мне любай вуліцы з усіх,

што ёсць на зямлі…

Пасталі дамы ў пажары каралавых арабін —

Шаснаццаць аднапавярховых і двухпавярховы адзін.

А поруч з імі узносяцца над стромай садоў залатых

Велічны гмах піўзавода і дом Грамады глухіх.

  Колькасць дамоў ўказвае дакладна:  “Шаснаццаць аднапавярховых і двухпавярховы адзін”. Пра двухпавярховыя доўга думала: што ж гэта такоеі зразумела, што гэта кантора піўзавода, дзе сядзела дырэкцыя, а цяпер вісіць гарэльеф. .

Цяпер на верхняй частцы вуліцы Караткевіча ў Воршы захаваліся толькі тры старыя прыватныя дамы – №10 (дом Караткевіча), №8 і №6 (дом, у якім ніхто не жыве). На схіле да Дняпра – чатыры прыватныя дамы. Салярныя знакі. вуліца Караткевіча, дом 6, дзе ніхто не жыве.

“Велічны гмах піўзавода” – можна сказаць, што захаваўся часткова і цяпер існуе ў новым фармаце. 

Аршанскі піўзавод быў адным з найстарэйшых у Беларусі, быў заснаваны як «Сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўночна-Заходняга краю» ў 1883 годзе. Да 1919 года, калі было прынята рашэнне нацыяналізаваць завод, ён належаў сям’і Вайнберг.

На тэрыторыі завода знаходзілася артэзіянская скважына.

У 20-ых на завод прыйшоў працаваць півавар Ян Смажэк, у гонар якога ў 90-ых быў выпушчаны імянны гатунак піва. Прапрацаваў ён на заводзе больш за 30 гадоў.

У 70-ыя была праведзеная рэканструкцыя завода па тэхналогіі славацкага бровару.

У 70-ыя гады гаварылі, што людзі з Масквы прыязджаюць адмыслова, каб папіць аршанскага піва.

Выходзім з двара былога піўзавода – звяртаем увагу на замураваную цяпер сцяну. Гаворым пра тое, што ў перыяд росквіту піўзавода сцяна была шкляная і можа было бачыць цыкл – як ідуць пустыя бутэлькі, ў іх заліваецца піва, закаркоўваецца. 

Па начах на вуліцы вельмі выразна чуўся гучны грукат піўных бутэлек, якія ішлі па канвееры спачатку пустымі, пасля ў іх залівалася піва і далей – на апошнім этапе бутэлька закаркоўвалася.

Аднойчы ў поўнай закаркаванай пляшцы знайшлі мёртвую мыш, быў вялікі скандал.   

Цёмная вуліца.

Перазвон шкляных бутэлек. 

Канвеер.

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ