Негатывы



Апоші раз фатографа Уладзіміра Сапагова бачыла ў 2000 годзе на офісе Таварыства Беларускай Мовы ў Менску, дзе ў той час адзін пакой арэндаваў Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Уладзімір Сапагоў, як звычайна, зайшоў на ТБМ з фотаздымачом Canon. Ён паўсюль хадзіў з фотаздымачом і фатаграфаваў усё – падзеі, людзей, актораў, палітыкаў, пісьменнікаў.

І ў той раз на ТБМ было каго фатаграфаваць. Спачатку – пісьменніка Кастуся Тарасава, які ў той час быў на ТБМ, пасля на ТБМ зайшоў паэт Анатоль Сыс. І Сапагоў фатаграфаваў і Кастуся Тарасава, і Анатоля Сыса, і мяне, і маю сяброўку і калегу Аліну Палаўнёву. І ўсіх разам. Вясёлыя мы пазіравалі ў тэбээмаўскіх фатэлях.

Фотаздымкаў мы не пабачылі, фатографа Сапагова – таксама больш не бачылі, прынамсі, я.

На сённяшні дзень з усіх удзельнікаў той фотасесіі ў жывых толькі я.

У 2015 годзе пра фотаздымкі Уладзіміра Сапагова ўзгадалі ў фб мы з Марынай Сідаровіч. Марына напісала, што “Трэба знайсці Сапагова”, бо ў 80-ыя ён фатаграфаваў усе Купаллі. Я тады адказала, што ў наш час, калі чалавека доўга не бачыш, ёсць вялікая верагоднасць, што ён ужо і не жыве.

Уладзімір Сапагоў ніколі не развітваўся з фотаапаратам. Жыў у інтэрнаце Трактарнага заводу, быў самотным чалавекам – гадаваўся ў дзіцячым доме. Я пачала яго шукаць, і аказалася, што яго ўжо тры гады няма ў жывых.

Фатограф Уладзімр Сапагоў (1952-2012)  памёр у 2012 годзе ад інсульту ў пятай бальніцы. Пра гэта стала вядома ад яго сябра – Міхаіла Мякіша, які дапамагаў яму ў апошнія гады і сам адвёз у бальніцу. У апошнія дні жыцця фатографа ў інтэрнаце рабілі рамонт, і фатографу прапанавалі вызваліць пакой, што паводле меркавання сяброў, магло справакаваць інсульт, ад наступстваў якого Уладзімір Сапагоў сканаў. Сябры Уладзіміра Сапагова, Міхаіл Мякіш і мастак Каміль Камал,  пахавалі фатографа ў вёсцы Весніа Лагойскага раёну. На магіле фатографа помнік з выявай голубкі.

У інтэрнаце рабілі рамонт, і выкінулі ўсе фатаздымкі на сметнік. Але сябар фатографа Міхаіл Мякіш здолеў уратаваць негатывы і пазітывы, якія аддала камэндантка інтэрнату.

Узгадваецца верш Міхася Скоблы, напісаны падчас навучання ва ўніверсітэце напрыканцы 80-ых. Верш мае назву «У апошнім музеі Беларусі”. У вершы  такія словы: “Страчана, страчана, страчана – надпіс на кожным цэтліку. З памяццю спячаю спадчыну не збераглі мы цэлаю”.

Тады і ўявіць было немагчыма, што гэта верш можа быць датычны і да таго, што стваралася ў той час. Здавалася, што “страчаная спадчына” – гэта тое, што было даўно і не з намі.

Між тым, праблема знікнення асабістых і прафесійных архіваў пасля смерці іх уладальнікаў і стваральнікаў – вельмі актуальная. Людзі паміраюць – архівы знікаюць…

 

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ