Пра помнік Караткевічу ў Воршы



Як па мне, то помнiк Караткевiчу ў Воршы добра выглядаў бы на пляцоўцы на самым беразе Дняпра – заканчэнне вуліцы Піянерскай – а дзіцячы парк праз вуліцу.

Тут і вершы добра чыталіся бы і фестывалі можна было ладзіць літаратурныя.

Краявід фантастычны – высокія берагі і далягляды.

Помнік Караткевічу цяпер стаіць недалёка – у Дзіцячым парку „Сказочная страна”,  але перспектыва ад яго – на пяціпавярховы дом 60-ых гадоў.

Няма перспектывы па сутнасці.

У 2008 годзе адбыўся перанос помніка Уладзіміру Караткевічу з першапачатковага месца.

Да пераносу помнік стаяў у парку, на месцы дома сям’і Караткевічаў, знішчанага ў вайну.  

Перанос быў звязаны з Дажынкамі і з тым, што на месцы помніка вырашылі пабудаваць грамадскую прыбіральню.

Знішчылі расліннасць каля помніка, прыбіральню пабудавалі, помнік перанеслі.

Няўдала перанеслі.

І ў тым жа 2008 годзе ўтварылася на высокім беразе Дняпра аглядальная пляцоўка, якая прыходзіць у заняпад. А месца – неверагодна прыгожае.  

 Чаму бы ў 2008 годзе не перанесці помнік сюды?

Да 2008 году на гэтым месцы стаяў даваенны дом – гэта як раз працяг той лініі дамоў на беразе Дняпра, сярод якіх быў дом сям’і Караткевічаў, знішчаны ў вайну. 

Драўляны дом, шэры з высокiм падмуркам, там цэлая вулiца да Дняпра была – працяг Піянерскай.

На схіле да Дняпра дамы стаялі шчыльна, і там і адзіная ў горадзе ў 70-ыя гады жанчына-таксіст жыла і яшчэ розныя цікавыя людзі. Цяпер пра іх нічога не нагадвае. 

Дом знеслі ў 2008 годзе – падчас тых самых Дажынак. Калі дом знеслі там было шмат дзіцячых малюнкаў старых на руінах, ровар дзіцячы з трыма высокімі коламі. вельмі стары. Я чула, што гаспадыня дома працавала ў гаркаме партыі.

Цяпер тут пустая пляцоўка – на адным з найпрыгажэйшых мясцін ў горадзе.

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ