Пра таемны распаўсюд самвыдатаўскіх дэкларацый



Час ідзе, шмат што забываецца. У тым ліку і тое, як фармавалася грамадская думка напрыканцы існавання СССР – 27 гадоў таму. Ужо ў 1988 годзе ў газетах пачалі з’яўляцца артыкулы, дзе асоба дзеючага прэзідэнта Беларусі супрацьпастаўлялася актывістам суполак нацыянальнай і дэмакратычнай скіраванасці.

1 лістапада 1988 “Чырвоная змена”у артыкуле “Пена на хвалі перабудовы” яе аўтары У. Левін, Б. Тарасевіч пісалі:

“Так ужо супала. Што ў адзін дзень нам давялося пабываць на двух маладзёжных мерапрыемствах. Раніцай у ЦК ЛКСМБ сабраліся на нараду рабяты. Якія працуюць у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, бытавым абслугоўванні. Размова ішла аб тым новым, што ўвайшло ў жыццё, што набалела, што дрэнна вырашаецца або не вырашаецца наогул.

(…) Колькі клопату было ў кожным выступленні. Гэтыя людзі не прывыклі да трыбуны, не ўмеюць гаварыць гэтак жа добра, як працуюць.

(…) Аляксандр Лукашэнка ўзначаліў самую стратную ў Магілёўскай вобласці гаспадарку. І яна практычна за год, дзякуючы ўкараненню новых гаспадарчаразліковых адносін атрымала мільённы прыбытак. Маладога дырэктара запрасілі на нараду ў ЦК КПСС. З ім гутарыў па гэтых праблемах Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў”.

Другая сустрэча адбылася ў тую ж суботу 22 кастрычніка ў Доме палітычнай асветы г.Мінска. Праводзіў сваё паседжанне клуб “Сучаснік”. Тэма, вынесеная на абмеркаванне: “Свабода асобы, выбар і выбары”. На сустрэчу, арганізаваную “Сучаснікам” прыйшлі і актывісты “Талакі”. Але замест дзелавога абмеркавання пытання старшыня “Сучасніка” Л. Крывіцкі і яго памочнік А. Галькевіч пачалі размову з адкрытай правакацыі, заявіўшы аб тым, што ў рэспубліцы створаны нейкі “аргкаміэт народнага фронта”, які, маўляў, аб’яднае ўсіх нефармалаў. (…) Відавочна, што актывісты “Талакі”, “Сучасніка”, гуляючы ў палітыку, насаджаюць дэмагогію, пустаслоўе. Але незразумела, чаму ім прадастаўляюць велізарныя аўдыторыі для мітынгаў па першаму патрабаванню? Чаму таемна распаўсюджваюцца і ходзяць па руках іх самвыдатаўскія дэкларацыі, пракламацыі і заклікі? Хто аддаў у рукі нефармалаў, якія спецыалізуюцца на сацыяльнай дэмагогіі, маладзёжную аўдыторыю, памнажальную тэхніку?”

27 гадоў прайшло, а ўлады працягваюць змагацца і з “самвыдатам” і з памнажальнай тэхнікай, і са свабодай слова і з “незрэгістрванымі арганізацыямі”.

 

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ