Прысада пісьменнікаў



У краме набываю корм для катоў.  

І тут раптам: – Жывёлаў любіш?  А гэта Ігар Грышанаў, уладальнік сядзібы ў вёсцы Стаўры пад Воршай.   – Пасадзілі ў гэтым годзе алею з 34 ліпаў у вёсцы Стаўры (сядзіба Пуцяціна). А далей кажа: – Хачу, каб традыцыя гэтая працягнулася, каб пісьменнікі далучыліся да пасадак дрэваў. Напрыклад,  Зміцер Бартосік пасадзіў бы дрэва, ён жа свайго „Верабейку” у Стаўрах прэзентаваў.

Даводзілася бачыць пасадкі дрэваў, зробленыя пісьменнікамі. 

У вёсцы Ракуцёўшчына, дзе ў 1911 годзе па запрашэнні братоў Луцкевічаў правёў лета Максім Багдановіч, у 80-ыя гады 20-га стагоддзя сябры Саюза пісьменнікаў пасадзілі там дрэвы. 

І неяк квола і бездапаможна выглядалі тыя пасадкі на месцы кляновых прысадаў, знішчаных падчас Другой сусветнай вайны.

У вайну ў Ракуцёўшчыне знішчылі на дровы ўсе клёны, апрача тых што стаялі ля прыдарожнага Крыжа.

Клёны ля крыжа не знішчылі, „бо Бога баяліся” – так патлумачыў нам сын колішніх арандатараў сядзібы і сября дзяцінства Лявона Луцкевіча – Грышаль. 

Дрэвы трэба садзіць.

Ідэя з пісьменніцкай ліпавай прысадай, дзе шуміць лістота, дзе гудуць пчолкі, дзе цені пад нагамі, выглядае прывабліва.

Пісьменніцкая прысада на памежжы з Расеяй, каб аддзяляла. 

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ