Сала на Камуністычнай і змены ў экспазіцыі



Зноў музейная гісторыя, але – на мяжы з немузейнай. Працаваць у музеі нам заставалася крыху больш за год, але мы пра тое не ведалі. Як ніколі не можам ведаць будучыню.

1997 год. Красавік. Дырэктар музея Алесь Бяляцкі паклікаў мяне ў краму на Камуністычную – набыць прадукты для перадачы затрыманым.

У краме на Камуністычнай сала ляжала ў зашклённых прылаўках – белыя з чырвонымі палоскамі брусы.

У краме на Камуністычнай быў яшчэ кафетэрый з добрай кавай і круглымі высокімі столікамі, каля якіх можна было стаяць.

Калі Бяляцкі набываў сала для затрыманых, у краму зайшоў рэдактар газеты „Свабода” Ігар Гермянчук – у светла-бежавым плашчы. Ён быў рады нас бачыць, спытаў што мы робім і навошта нам столькі сала – на той час карціна з закупкай сала была незвыклая. Гермянчук сказаў, што едзе здаў у амбасадзе пашпарт на візу, а цяпер – заехаў выпіць кавы.

Мы пайшлі ў музей – сала рэзалі ў тым кабінеце, дзе працавала я – на першым паверсе другія дзверы злева ад чорнага ўвахода.

На Нямізе селі на аўтобус і паехалі на вуліцу Акрэсціна.

Алесь Бяляцкі сказаў мне, што я вязу перадачу для Барыса Ханонавіч Хамайды. Я спытала: хто гэта. Ён адказаў, што вельмі добры чалавек з Віцебску, што ў Менску яго затрымалі, а мне галоўнае не забыцца і правільна сказаць імя і прозвішча, калі буду перадаваць перадачу. Я ехала і, як у анекдоце пра мыла, паўтарала; Хамайда Барыс Ханонавіч, Хамайда Барыс Ханонавіч.

На Акрэсціна атрымалася нечаканасць, не ўсё было так, як уяўлялася – прыехалі і перадалі. Не. Нас запрасіў да сябе ў кабінет начальнік. Быў ён у шэрым швэдры, размову пачаў так: „Што новага ў музеі, ці ёсць змены ў экспазіцыі?” Бяляцкі сказаў, што ў музеі Багдановіча экспазіцыя сталая, зменаў няма.

Начальнік спытаў у мяне: адкуль я ведаю Хамайду Барыса Ханонавіч, ён жа з Віцебску, а я з Менску: „Дзе вы пазнаёміліся?” Я адказала: „У оперы”. Перадачы прынялі. 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ