Самасуд і смяротнае пакаранне



Падчас працы над фільмам “Убыл по приговору” актывісты кампаніі “Праваабароцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” паехалі ў Берлін да Алега Алкаева, які ў 1996-2001 гадах быў начальнікам СІЗА № 1 Мінска і кіраўніком расстрэльнай каманды. Сярод усяго мы спыталі ў выканаўцы прысудаў пра судовыя памылкі.

Сярод усяго Алег Алкаеў распавёў пра смяротнае пакаранне і самасуд:  

„Ясна, што альтэрнатыва смяротнаму пакаранню адна – пажыццёвае зняволенне.

Ёсць яшчэ адна маленькая дэталь, пра якую ў Беларусі, можа быць не варта гаварыць, ўлічваючы менталітэт народа і пэўную талерантнасць.

Але ёсць рызыка самасуду.

У  Беларусі гэта маларэальна. 

А ў Расеі асабліва ў некаторых рэгіёнах, суда чакаць ніхто не будзе, асабліва. Там, дзе прынцып “смерць за смерць” і “вока за вока”, законы кроўнай помсты яшчэ дзейнічаюць.

І помню нават прыязджалі два рускіх чалавекі з Растова на Доне, я быў начальнікам калоніі ў Навасадах… Два браты. Здаравенныя браты такія… Іх трэці брат быў забіты. Паехаў у Беларусь і быў забіты. Забойцу злавілі. Прайшло гадоў шэсць, праходзіла нейкая амністыя, і гэты забойца іх брата пад амністыю не трапіў  І вось яны прыехалі і прапаноўвалі мне хабар, каб я яго прадставіў пад амністыю. Я кажу: “Навошта? Хай сядзіць!” Яму 15 гадоў далі у той час яшчэ. “Вызваліце яго!” – малілі яны. А яны служылі недзе ў “гарачых кропках”, прыехалі ў адпачынак на месяц, тут амністыя ідзе…

Я пасля зразумеў. Навошта яны просяць яго вызваліць.

Спачатку думаў, што ён сябра іх. Яны спачатку так і прадставіліся, а калі прыгледзеўся – нешта троху не тое.

Забіць хацелі.

Прасілі, каб вызваліў, бо хацелі забіць, казалі: “Часу ў нас мала! Чакаць не можам. Невядома, як наш лёс складзецца!” Канечне, ніхто яго не вывзваліў. Браты з’ехалі з вялікай крыўдай на мяне.

Пасля супакоіліся – граху на душу не ўзялі. 

Але рызыкі самасудаў, калі ў краіне не дзейнічае смяротнае пакаранне, могуць быць.

Але яны могуць быць толькі да затрымання злачынцы.

Але, калі ўсе рызыкі прымаць да ўвагі, то мы ніколі нічога не зробім.

Траба часам пераступіць праз грамадскую думку, праз чыюсьці волю, на тое ён і закон, што ён заўсёды супраць волі ідзе”.

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ